Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі дагэтуль працягваюцца затрыманьні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну» — апошнія зь іх адбыліся на мінулым тыдні. Як паведамлялі былыя вязьні Акрэсьціна, затрыманьні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Большасьць затрыманых — мужчыны.
Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў у гэтай справе — фігурантам прызначаюць пакараньні ад «хіміі» да калёніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрыманьня пад вартай на некалькі месяцаў.
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 61 пацьверджанага фігуранта «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна большая — палітычны перасьлед 61 чалавек, пра які пішуць праваабаронцы, цалкам вэрыфікаваны і пацьверджаны, астатнія зьвесткі ўдакладняюцца. Раней праваабаронцы паведамлялі пра 40 вэрыфікаваных чалавек.
Агулам праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
Тэлеграм-ініцыятыва займалася зьбіраньнем зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраіснкаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.
Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.
Форум