Брытанская паліцыя паведаміла, што на пратэсьце ў Лёндане ў падтрымку групоўкі «Палестынскае дзеяньне» правяла масавыя арышты, піша Reuters.
У ліпені Вялікая Брытанія забараніла «Палестынскае дзеяньне» ў адпаведнасьці з антытэрарыстычным заканадаўствам пасьля таго, як некаторыя з удзельнікаў ініцыятывы ўварваліся на базу Каралеўскіх ВПС і пашкодзілі вайсковыя самалёты.
Гэта адбылося пасьля актаў вандалізму і інцыдэнтаў, накіраваных супраць абаронных кампаній у Вялікай Брытаніі, зьвязаных з Ізраілем. Групоўка абвінавачвае ўрад прэм’ер-міністра Кіра Стармэра ў саўдзеле ў тым, што яна называе «ізраільскімі ваеннымі злачынствамі ў Газе».
З таго часу на дэманстрацыях у падтрымку прапалестынскай ініцыятывы былі арыштаваныя яе сотні прыхільнікаў, многія зь якіх старэйшыя за 60 гадоў. Лёнданская паліцыя паведаміла, што 890 чалавек затрыманыя пасьля пратэсту каля парлямэнту ў цэнтры Лёндану ў суботу.
Гэта найбольшая колькасьць затрыманьняў у час адной акцыі пратэсту.
Зь іх 857 затрыманыя за падтрымку забароненай групы, а 17 за напады на супрацоўнікаў паліцыі. Пасьля сэрыі атак на сваіх супрацоўнікаў паліцыя заявіла, што пратэст перарос у гвалт.
Забарона, накладзеная на арганізацыю «Палестынскае дзеяньне», ставіць групоўку ў адзін шэраг з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай», што ставіць падтрымку арганізацыі або прыналежнасьць да яе злачынствам, якое караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 14 гадоў.
Форум