Увага. У інтэрвію ёсьць апісаньні жорсткіх сцэнаў, якія могуць вас устурбаваць.
«Сябра, ты прыяжджай да мяне ў Харкаў, піва пап’ем»
Яўген* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля яго бясьпекі. — РС) з пакаленьня зумэраў, нарадзіўся ў 2000-х. Расказвае, што хацеў стаць ІТ-спэцыялістам, але не паступіў і вывучыўся на кухара. Працаваў бармэнам у Беларусі за 400 даляраў.
Яўген расказвае, што на пратэстах 2020 году кідаў кактэйлі Молатава ў сілавікоў. Пакуль адбываў арышт, у ягонай кватэры выбілі дзьверы і правялі ператрус. Яўген выйшаў, сабраў рэчы і пераехаў у Літву. Там знайшоў працу кокам на караблі за 6 тысяч эўра ў месяц. Прызнаецца, што есьці любіць бургеры, а гатаваць — стэйкі, бо «паважае культуру мяса, прыгатаванага з душой і любоўю».
На вайну хлопца паклікаў найлепшы сябар, які першым паехаў ва Ўкраіну. Гэта была вясна 2024 году. Ішоў трэці год поўнамаштабнай вайны.
«Ён падлавіў момант, калі я быццам бы ў жыцьці перапоўніўся, у мяне быццам было ўсё. І ён сказаў фразу: „Сябра, ты прыяжджай да мяне ў Харкаў, піва пап’ем“. Я сарваўся, сабраўся і праз тыдзень ужо праходзіў курс базавай вайсковай падрыхтоўкі. Мне далі аўтамат, бронекамізэльку і сказалі: „Харкаў — гэта ў той бок“», — успамінае хлопец.
Кажа, што разважаў, ці не паехаць ваяваць, і раней. Але бракавала сьмеласьці. Калі ж туды адправіўся сябар, рушыў і ён.
«Калі я з аднаго з сваіх рэйсаў вярнуўся, адплаваў свае два месяцы, падумаў, што трэба ў жыцьці нешта мяняць. Ёсьць песьня, дзе такі радок: „Сонца згасла, трэба яго запаліць“. Я падумаў, што гэта мой спосаб запаліць маё ўнутранае сонца», — кажа суразмоўца.
Яўген мяркуе, што гэты спосаб дапамог. Ён адчувае, што робіць ва Ўкраіне сэнсоўную справу. Ягоная сям’я першыя паўгоду не падазравала, дзе ён. Хлопец казаў, што плавае на караблі. А потым прызнаўся.
«Я пазваніў, сказаў: „Мама, я быў з табой няшчыры. Я ўжо паўгоду як ва Ўкраіне“. Яна адразу не паверыла, кінула трубку. Перазваніла празь пяць хвілін. На дзіва, адрэагавала з разуменьнем. Яны ведаюць, што я такі чалавек, які калі вырашыў, што буду гэта рабіць, то дакладна буду гэтым займацца, і ніякімі словамі яны мяне не пераканаюць. Мама мяне падтрымлівае. Яны радуюцца, што я хаця б жывы і на сувязі», — кажа Яўген.
«Мы выбралі баявых мэдыкаў»
Яўген просіць называць яго «Нэкрамант». Гэта пэрсанаж з кампутарных гульняў, як і «Акультыст» — пазыўны ягонага сябра. Ён лічыць іхныя пазыўныя «забаўнымі». «Нэкрамант» у кампутарных гульнях здольны ўваскрашаць памерлых.
«Такая мэтафара, што мы ваяроў, якія ўпалі, падымаем назад на вайну, каб прымаць бой ад ворага», — тлумачыць суразмоўца.
Яўген гаворыць лёгка і хутка. Часта жартуе і сьмяецца.
«Вайна — гэта жахліва. Людзі гінуць. Гэта ўсім зразумела. Але з нашым стаўленьнем да жыцьця гэта вельмі падобна да таго, што можна ўсталяваць гульню, прыдумаць нікнэйм, прайсьці навучаньне, выбраць байца, у якога будзеш гуляць. Мы выбралі баявых мэдыкаў… Вайна як кампутарная гульня, толькі няма захаваньняў нідзе», — кажа ён.
Раней Яўген ніяк ня быў зьвязаны з мэдыцынай.
«У мяне да гэтага больш душа ляжала. Я падумаў, што гэта самае такое, з чым мне будзе прасьцей за ўсё даваць рады эмацыйна. Нягледзячы на тое, што вораг гэта вораг, але страляць у чалавека, мне здаецца, я маральна не гатовы. Я гатовы дапамагаць тым, па кім стралялі, хто атрымаў сур’ёзную траўму. І, як паказаў досьвед, вельмі някепска магу з гэтым спраўляцца», — кажа суразмоўца.
Ён адзначае, што добраахвотнікі звычайна могуць выбіраць, у якасьці каго ехаць на вайну. Да іхнага жаданьня прыслухоўваюцца. «Калі ты хочаш быць мэдыкам — хутчэй за ўсё ты пойдзеш мэдыкам».
У першыя два тыдні праходзіць сэлекцыя, расказвае Яўген. Кандыдаты праходзяць фізычныя і псыхалягічныя абсьледаваньні, да прыкладу, «наколькі далёка і хутка ты можаш бегчы». Потым ідзе агульная вайсковая падрыхтоўка: «як кідаць гранаты, з якой зброі страляць». Пасьля Яўгена мелі адправіць на мэдычныя курсы. Але на гэта не было часу, бо ягоны падразьдзел ужо займаўся баявой працай.
«Маё навучаньне мэдыцыне праходзіла ва ўмовах баявой працы. Я прыехаў на сэктар рабіць працу, а яшчэ іньекцыі рабіць ня ўмеў, нічога ня ўмеў рабіць. Цешуся, што са мной былі дасьведчаныя мэдыкі, якія паказалі мне, як ня даць чалавеку памерці, як спыніць кроў, што рабіць, калі прабітая галава», — расказвае ён.
Потым у вольны час Яўген езьдзіў на мэдычныя курсы, якія доўжацца ад аднаго дня да двух месяцаў. Але, кажа, гэта было толькі дзеля сэртыфікату, бо і так усё ўжо ўмеў рабіць. Ім выдаюць сэртыфікаты міжнароднага ўзору.
«Гэта заўсёды адрэналін»
«Нэкрамант» каля году працаваў баявым мэдыкам узводу. Ён тлумачыць, што пажадана, каб мэдык умеў рабіць на вайне ўсё: эвакуаваць параненых з поля бою, перавозіць іх у шпіталі; дапамагаць у стабілізацыйным пункце — больш бясьпечным месцы, у падвале далёка ад ворага, які выконвае функцыю шпіталя. Яўген кажа, што папрацаваў на ўсіх пазыцыях. Найбольш любіць мэдэвак (анг. medevac, medical evacuation) — хуткую дапамогу, якая вязе параненага ў шпіталь.
«Мне вельмі падабаецца рытм працы, бо гэта заўсёды адрэналін. Вораг заўсёды можа зьнішчыць мэдэвак проста ў руху, пакуль мы робім сваю працу», — шчыруе суразмоўца.
Мэдэвак забірае параненага з кейсэваку (анг. casevac, casualty evacuation, эвакуацыя параненых), які вывез таго з поля бою, і як мага хутчэй зьяжджае адтуль у шпіталь. Па дарозе мэдыкі ратуюць пацыента. У машыне ёсьць прылады, маніторы, каб сачыць за станам параненага.
«У гэтым ёсьць адрэналін, які аддае ў галаву, калі паранены падключаны да манітораў, мы бачым яго паказьнікі. Калі ты слухаеш каманду першага нумара ў экіпажы: „Падрыхтуйце марфін“. Ты рыхтуеш марфін, перадаеш яго першаму нумару. Далей перамотваеш ногі. Пакуль хтосьці „выцякае“, робіш тампанаду, спыняеш кроў. Калі рэзка каманда: „Трэба ліць кроў“, ты адкрываеш лядоўню з крывёй, падключаеш гемакон (кантэйнэр для крыві. — РС) да награвальніка, ставіш катэтэр у жылу», — пералічвае вайсковы мэдык.
Ён параўноўвае гэты працэс з запаркай на кухні рэстарацыі, калі вельмі шмат замоваў.
Суразмоўца памятае, што наймацнейшыя эмоцыі выклікалі ў яго першыя трое параненых.
«Пасьля гэтага ты пачынаеш разумець, якое, аказваецца, чалавечае цела — клясна спраектаваная машына. Калі рабіць паводле інструкцыі, усё будзе добра. У нейкі момант ты пераходзіш тую мяжу, калі параненае чалавечае цела не выклікае ні агіды, ні страху. У цябе ў галаве адразу зьяўляецца альгарытм дзеяньняў, якія ты павінен рабіць, каб ня даць чалавеку памерці», — заўважае ён.
Яўген успомніў самую цяжкую сытуацыю ў Пакроўску. Іхны дзяжурны пункт расейскія войскі зьнішчылі авіябомбамі. Ім трэба было эвакуавацца.
«Побач з намі былі цывільныя. Гэта было ноччу. Я бачыў бабулю, якую разарвала на дзьве часткі. Яна ўсё яшчэ была жывая. Я праходзіў міма. І яна прасіла дапамагчы. А калі чалавека разарвала на дзьве часткі, на жаль, тут не дапамагчы. Дакладна ня ў тых умовах, у якіх мы знаходзіліся, і дакладна ня мэдычным заплечнікам. Тады мяне вельмі моцна закранула гэтая сытуацыя… Разуменьне, што я не магу нічога зрабіць. Гэта было самае цяжкое», — расказвае мэдык.
Ён дадае, што сказаў жанчыне, што яны выклікалі дапамогу па рацыі. Але разумеў, што ноччу ў Пакроўск ніхто не накіруе дапамогу. Ён пайшоў на эвакуацыю і ня ведае далейшага лёсу гэтай жанчыны.
«Нэкрамант» расказвае, што ў экіпажах, дзе ён працаваў, ніхто з параненых не паміраў. Аднак аднойчы ён быў на вучэбным палігоне, па якім расейскія войскі ўдарылі ракетамі.
«Было вельмі шма параненых. У нас не было чым іх эвакуаваць, бо гэты пункт быў досыць далёка ад фронту, ніхто не чакаў гэтага. На жаль, там вельмі многа загінула адразу на месцы. Некалькі чалавек загінулі празь некалькі дзён у шпіталях… Некалькі вельмі добрых хлопцаў (мэдыкаў. — РС) мы на тым палігоне страцілі», — успамінае суразмоўца.
Ён кажа, што і сам атрымаў там лёгкае раненьне ў нагу. Але не адразу гэта заўважыў і некалькі гадзін працягваў ратаваць людзей, бо на месцы было мала дасьведчаных мэдыкаў.
«Мне сказалі, што я таксама „выцякаю“ (ідзе кроў. — РС). Я сказаў: „Усё добра. Гэта не мая кроў“. Мне сказалі: „Здымай чаравік“. Я здымаю чаравік і разумею, што гэта мая кроў», — сьмяецца Яўген.
Першыя тыдні ён ня мог хадзіць. Аднаўленьне нагі цалкам можа заняць паўгоду. Цяпер Яўген вучыць іншых мэдычнай дапамозе.
Антыдэпрэсанты, псыхоляг, псыхіятар
На пытаньне, як ён дае рады са стратамі пабрацімаў, Яўген адказвае, што прымае антыдэпрэсанты, размаўляе з псыхолягам, тэлефануе псыхіятру.
«Гэта цяжка. Можна бясконца доўга казаць усім, што ты даеш рады. Але людзі пасьля вайны ніколі ранейшымі ня будуць», — кажа мэдык.
Ён дадае, што антыдэпрэсанты пачаў прымаць паўгоду таму, калі яны з пабрацімамі скончылі місію ў Пакроўску. А пасьля ракетнай атакі, дзе ён страціў пабрацімаў, дозу павялічылі ў разы.
«Наглядзеўся я там (у Пакроўску. — РС) некаторых карцін… У мяне вельмі моцна пачалі мяняцца паводзіны. Я пачаў моцна закрывацца ў сабе. Не хацеў выходзіць з кватэры. Мне не хацелася займацца гэтай працай, настрою не было. Мне хацелася проста ляжаць, глядзець у сьцяну, у столь, слухаць сумную музыку — і гэтым сябе яшчэ больш дабіваць», — успамінае пра зьмены ў сабе хлопец.
Першым часам пасьля гэтага, прызнаецца, пачаў сьпівацца. Але цяпер калі і выпівае, то крыху. Часам плача над рэчамі, якія кранаюць. Цешыцца, што ня мае сполахаў агрэсіі.
«Я кажу: я проста чыловы беларускі хлопчык, які любіць турнікеты, п’е свае таблеткі, і ўсё ў яго добра», — заўважае ён.
Яўген тлумачыць, што такія ягоныя паводзіны, калі ён не паказвае вонкава, што яму цяжка, прынятыя на вайне.
«Вайскоўцы ва Ўкраіне — людзі, якія бачылі пэўнае дзярмо. Вельмі крута не губляць сябе і іншых, калі дзярмо ў жыцьці адбываецца. Калі яно становіцца стылем жыцьця, ты пачынаеш не заўважаць. Ты спрабуеш падманваць сябе і іншых: „Усё добра! Што вы!“ У нейкі момант ты перастаеш заўважаць, як усьмешку на сябе нацягваеш. Гэта моцна дапамагае табе самому трымацца. Калі іншыя людзі бачаць: ды ў яго нармальна ўсё — то і ў мяне ўсё будзе нармальна. Я ня бачыў сумных вайскоўцаў з хандрой», — кажа ён.
Збор на машыну
Цяпер Яўген зьбірае сродкі на машыну, кейсэвак, каб вывозіць параненых з поля. На яе патрэбна 6 тысяч эўра. Яўген тлумачыць, што машыны заканчваюцца, іх зьнішчаюць расейскія войскі. Таму было б добра, калі б ён вярнуўся ў свой падразьдзел з аўтамабілем.
«Машыны — такі ж рэсурс, які заканчваецца», — кажа мэдык.
Яўген дадае, што мэдыкі рэгулярна купляюць за свае грошы лекі, турнікеты, запраўляюць вайсковыя аўты. Ягоны заробак цяпер складае каля тысячы эўра. Ён зразумеў на вайне, што грошы важныя, але не галоўныя, важнейшыя для яго досьвед і эмоцыі, якія ён атрымлівае на працы. Хлопец мяркуе, што калі вайна скончыцца, ён застанецца жыць ва Ўкраіне. Але марыць пра іншае.
«Мару жыць у Гішпаніі, проста адпачываць, насалоджвацца жыцьцём, без паветраных трывог, без чыіхсьці раненьняў. Хачу калісьці піць піньня-каляду на беразе Міжземнага мора з усьмешкай, бо жахлівыя рэчы скончыліся», — падсумоўвае Яўген.
Форум