Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я нават забыў ужо пра тыя здымкі». Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек


Расейская вайсковая тэхніка ля шпіталя ў Мазыры, люты 2022. Ілюстрацыйнае фота
Расейская вайсковая тэхніка ля шпіталя ў Мазыры, люты 2022. Ілюстрацыйнае фота

Пра ўзлом базы зьвестак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» стала вядома ў лютым. Першыя арышты ў гэтай справе пачаліся адразу і працягваюцца дагэтуль. Паразмаўлялі зь фігурантамі справы і праваабаронцамі аб тым, што можа быць далей.

Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.

Пра затрыманьні на падставе здабытай пасьля ўзлому базы «Гаюна» інфармацыі стала вядома ўжо 6 лютага. У гэты дзень у зьвязаным з ГУБАЗіК тэлеграм-канале зьявілася відэа з супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Да пачатку лета правабаронцы паведамілі аб прыкладна 20 фігурантах справы, аднак сапраўдная іх колькасьць была і застаецца невядомай. На ўмовах ананімнасьці супрацоўнікі праваабарончых арганізацыяў прызнаюць, што поўнай і нават больш-менш дакладнай інфармацыі аб сытуацыі вакол «справай Гаюна» ня маюць. З словаў суразмоўцаў, маштабы затрыманьняў беларусаў, якія ў лютым і сакавіку слалі «Гаюну» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі, могуць быць вельмі вялікімі нават для сучаснага рэжыму ў Беларусі. Ацаніць іх складана, бо зь мінулай восені ў публічную прастору трапляе мінімум інфармацыі аб палітычна матываных справах. Суды не публікуюць графікаў паседжаньняў, а самыя сілавікі паведамляюць аб чарговых арыштах рэдка. Крыху больш інфармацыі аб «справе Гаюна» пачало зьяўляцца пасьля пачатку судовых працэсаў улетку.

Пры гэтым праваабаронцы прызнаюць, што арышты тых, хто ў лютым і сакавіку 2022 года фатаграфаваў расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі ці дасылаў інфармацыю пра іх у «Беларускі Гаюн», працягваюцца.

«Вырашыў усё прызнаць»

Андрэя (імя суразмоўцы зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) арыштавалі ў канцы сакавіка. Гэта ня стала для яго нечаканасьцю: у 2020 годзе ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, а яшчэ раней доўгі час быў актывістам некалькіх грамадзкіх арганізацыяў. Пра тое, што яго арыштавалі менавіта ў «справе Гаюна», ён даведаўся ад сьледчага.

«Затрыманьне не было нейкім брутальным, — расказвае Андрэй Свабодзе. — Прыехалі некалькі супрацоўнікаў у цывільным, пазванілі ў дзьверы. Я сам адчыніў, ня бачыў сэнсу ўжо хавацца. Усё спакойна было, мне сказалі зьбірацца. На першым жа допыце ў Сьледчым камітэце паведамілі, што гэта „за здымкі“. Я, праўда, не адразу ўзгадаў, за якія. Выявілася, вясной 2022 году я сфатаграфаваў на адной з станцыяў цягнік з плятформамі, дзе была вайсковая тэхніка, і даслаў у „Гаюн“. Шчыра кажучы, я нават забыў пра тыя здымкі, тры гады прайшло».

Cанітарныя вайсковыя расейскія машыны і вайсковыя машыны каля Мазырскага гарадзкога шпіталя, 2022. Ілюстрацыйнае фота
Cанітарныя вайсковыя расейскія машыны і вайсковыя машыны каля Мазырскага гарадзкога шпіталя, 2022. Ілюстрацыйнае фота

Андрэй дадае, што ў матэрыялах яго справы былі даты перасыланьня фота. З словаў сьледчага, яны ведалі ўсе падрабязнасьці і імя ягонага акаўнту ў Тэлеграме (суразмоўца гаворыць, што зараз карыстаецца іншым, а той даўно выдаліў. — РС), выдрукі ад мабільнага апэратара, зьвесткі аб яго перамяшчэньнях у сакавіку 2022 году.

«Я вырашыў усё прызнаць, ня бачыў сэнсу маўчаць ці адмаўляць, — гаворыць Андрэй. — Спадзяваўся, што ў такім выпадку мяне хутчэй асудзяць і усё гэта для мяне скончыцца. Яно так і атрымалася ў выніку, у чэрвені быў суд, ішоў два дні, на трэці абвесьцілі прысуд. Я ня вельмі спадзяваўся на тое, што мяне вызваляць, але атрымаў „хатнюю хімію“, мяне выпусьцілі ў залі суду».

Суразмоўца гаворыць, што яго абвінавачвалі паводле 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (КК) за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Артыкул прадугледжвае як абмежаваньне волі да 4 гадоў, так і яе пазбаўленьне да шасьці гадоў. З словаў Андрэя, маштабы «справы Гаюна» яму ацаніць цяжка, але ён мяркуе, што яны могуць быць уражальнымі.

«Пасьля пачатку гэтага ўсяго (поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ў тым ліку з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі. — РС) быў такі ўздым, абурэньне, — гаворыць суразмоўца. — Расейскіх вайскоўцаў было вельмі шмат у нас у горадзе (суразмоўца ў сакавіку 2022 году жыў у адным з гарадоў на поўдні Беларусі. — РС). Цягнікі кожны дзень ішлі, іх можна было свабодна фатаграфаваць. Ніхто не хаваўся. Расейцы хадзілі па вуліцах у форме, самалёты у небе пастаянна. Хацелася хоць нешта зрабіць ад абурэньня і бездапаможнасьці».

Андрэй дадае, што пра маштабы арыштаў можа меркаваць паводле ўскосных фактарах. Ён чуў размовы аб хвалі арыштаў «за фоткі» ад зьняволеных у СІЗА. На вялікую колькасьць такіх справаў намякаў і сьледчы. Судовы працэс, як кажа суразмоўца, таксама нагадваў адладжаны канвэер, з чаго Андрэй зрабіў выснову, што ягоная справа зусім не ўнікальная.

Падобная гісторыя здарылася і з братам Ігара Лосіка Мікітам, якога арыштавалі ў «справе Гаюна» ў красавіку, а асудзілі на абмежаваньне волі ў ліпені.

«Гэтая перапіска была ў лютым 2023 году. Я яе даўно выдаліў — адкуль яна ў сілавікоў, мне незразумела, — расказваў Мікіта ў размове з Свабодай. — Я спачатку ўсё адмаўляў — маўляў, ня ведаю, што гэта. Мне загадалі зьбірацца. Павялі ў бусік, што стаяў каля інтэрнату, загадалі стаць на калені, рукі закавалі ў кайданкі. Пакуль я чакаў, учынілі ператрус у пакоі, знайшлі стары тэлефон, зь якога я гэта рабіў. Мяне павезьлі ў Віцебск».

Мікіта Лосік
Мікіта Лосік

За кратамі Мікіта Лосік агулам правёў тры месяцы. На судзе яго прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на тры гады «хіміі». Неўзабаве пасьля прысуду Мікіта зьехаў зь Беларусі.

«Ува ўсіх афіцыйных навінах і СМІ нам кажуць, што Беларусь ня ўдзельнічае ў ваенных дзеяньнях, што Беларусь — мірная краіна, — гаворыць Мікіта. — Ды нас зь дзяцінства выхоўвалі, што вайна — гэта страшна, „не — вайне“. А тут па нашай беларускай тэрыторыі вязуць расейскую тэхніку на вайну! Мяне гэта вельмі раззлавала і абурыла — вязуць адкрыта, не ўначы, а сярод белага дня цэлы эшалён танкаў, зэнітных установак зь літарамі „Z“ i „V“, у вагонах, пазначаных абрэвіятурай РЖД (Расейскія чыгункі. — РС) — расейскія вайскоўцы. Ну я і зрабіў некалькі здымкаў і даслаў „Беларускаму Гаюну“».

Ад «хатняй хіміі» да 20 гадоў турмы

Супрацоўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова ў размове з Свабодай тлумачыць, што ўсе вядомыя праваабаронцам крымінальныя справы ў межах «справы Гаюна» заведзеныя паводле артыкулу 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

«Гэтую норму выкарыстоўваюць выключна рэпрэсіўна: людзям інкрымінуюць перадачу фатаграфіяў ці паведамленьняў, якія ня маюць прыкметаў гвалту і датычаць значнай для грамадзтва інфармацыі, — удакладняе праваабаронца. — Такія дзеяньні ёсьць грубым парушэньнем свабоды выказваньня думак, уключна з свабодай атрыманьня і распаўсюджваньня інфармацыі. Гэта парушэньне як уласнай Канстытуцыі, так і міжнародных абавязаньняў Беларусі».


З словаў суразмоўцы, на практыцы пакараньне для фігурантаў «справы Гаюна» вагаецца ад «хатняй хіміі» да пазбаўленьня волі ў калёніі. Асобных затрыманых месяцамі трымаюць пад вартай.

«А Антону Матольку дык увогуле вынесены прысуд 20 гадоў пазбаўленьня волі ў сукупнасьці „экстрэмісцкіх“ артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку і за „Беларускі Гаюн“, які ён вёў, — дадае Вікторыя. — Паводле нашай інфармацыі, у справе Беларускага Гаюна вядомыя 54 чалавекі, якіх цяпер трымаюць пад вартай. Прозьвішчы 27 зь іх у адкрытым доступе.

Зь іх двое ўжо адбываюць пакараньне за кратамі. З увагі на тое, што сілавікі маюць базу ўсіх карыстальнікаў, якія слалі паведамленьні ў бот, а таксама шматлікія сведчаньні тых, хто выходзіць з СІЗА ці ІЧУ, ёсьць сапраўды высокая імавернасьць таго, што колькасьць фігурантаў („справы Гаюна“. — РС) можа дасягаць нават тысячы чалавек».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG