Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Беларусь


Мяжа Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота
Мяжа Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Польшчы рэкамэндуе грамадзянам краіны пакінуць Беларусь, «выкарыстоўваючы даступныя камэрцыйныя і прыватныя сродкі», і настойліва раіць устрымацца ад паездак у Беларусь, паведаміла радыёстанцыя RMF24.

«Гэта не дэмакратычная краіна і не дружалюбная да Польшчы. Я хацеў бы, каб да гэтых папярэджаньняў ставіліся як мага сур’ёзьней», — цытуе RMF24 прэс-сакратара міністэрства Паўла Ўроньскага.

5 верасьня Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла аб выкліку часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштафа Ажаны і ўручэньні яму ноты «рашучага пратэсту» у сувязі з учыненым грамадзянінам Польшчы Гжэгажам Гавэлам «акту шпіянажу».

Раней міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі адрэагаваў на затрыманьне польскага грамадзяніна, якога прапагандысцкі канал у Беларусі назваў «польскім шпіёнам». Гэтыя словы прыводзіць канал TVN.

«Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. У рэшце рэшт, у беларускіх турмах ужо ёсьць польскія зьняволеныя, у тым ліку Анджэй Пачобут і іншыя. Мы ўжо вядзём унутраныя кансультацыі пра тое, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу», — сказаў ён.

Акрамя Сікорскага, ад Польшчы выступіў прадстаўнік спэцслужбаў у сувязях з грамадзкасьцю Яцэк Дабжыньскі.

«Арышт грамадзяніна Польшчы супрацоўнікамі КДБ Беларусі — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць нашай краіны. Польскія спэцслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых манэўрах», — падкрэсьліў ён у паведамленьні на X.

Затрыманы Гжэгаж Гавэл 1998 году нараджэньня, манах-кармэліт з Кракава. Улады Беларусі заяўляюць, што ён меў пры сабе восем старонак, датычных вайсковых расейска-беларускіх вучэньняў «Запад-2025». Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контравыведка КДБ.

Як сьцьвярджае прапаганда, 27-гадовы паляк нібыта спрабаваў залучыць у шпіёнскую дзейнасьць на карысьць Польшчы грамадзянаў Беларусі, якіх таксама затрымалі, але ў сюжэце не паказалі. Абяцаў штомесячную плату.

Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Запад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялі, што падчас вучэньняў будуць трэнавацца ва ўжываньні ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама ў супрацьпаветранай абароне, абарончых баявых дзеяньнях, падтрымцы тактычнай авіяцыі ды інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG