Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачаў пляншэт з сабой насіць». Што адбываецца ў школах праз тыдзень пасьля забароны мабільнікаў


Апошні званок. Ілюстратыўнае фота
Апошні званок. Ілюстратыўнае фота

Паразмаўлялі з бацькамі беларускіх школьнікаў і настаўніцай пра тое, як забарона на мабільнікі адаб’ецца на вучнях і іхным жаданьні вучыцца.

Ад 1 верасьня ўва ўсіх школах Беларусі ўвялі новы парадак — вучням і настаўнікам забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас вучэбнага ці працоўнага дня. Гэта не беларускае know-how: забараняюць карыстацца асабістымі тэлефонамі ў школах і ў іншых краінах. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі. У Беларусі ідэю забараніць мабільнікі вучням нейкі час тэставалі ў асобных навучальных установах па ўсёй краіне. З 2025/26 навучальнага году забарона стала абавязковай для ўсіх беларускіх вучняў, а за тыдзень да пачатку вучобы яе пашырылі і на настаўнікаў

Як расказалі ў размове з Свабодай бацькі беларускіх дзяцей, якія 1 верасьня пайшлі ў школы, навіну дзеці ўспрымаюць пераважна нэгатыўна. Здаваць на захоўваньне перад пачаткам вучэбнага дня цяпер трэба нават кнопкавыя мабільнікі. Новаўвядзеньне датычыць не толькі агульнаадукацыйных, але і мастацкіх ды спартовых школаў і гурткоў, куды бацькі прыводзяць дзяцей на вечаровыя заняткі.

«Я толькі радая»

Вольга (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) — маці дваіх дзяцей. Адно ходзіць у садок, другое наведвае школу ў беларускім раённым цэнтры. Жанчына кажа, што нічога дрэннага ў ініцыятыве Міністэрства адукацыі ня бачыць.

«Я толькі радая, шчыра кажучы, — прызнаецца ў размове з Свабодай Вольга. — У нашай школе тэлефоны ў дзяцей пачалі забіраць яшчэ ў лютым, то зараз нічога новага не адбылося. Усе прывыклі ўжо. Я радая, што дзіця хоць крыху пабудзе без тэлефона, а то яны ж цяпер увесь час у іх, уяўляеце? Пастаянна з тэлефонам у руках. Я нават хацела б паглядзець, чым яны займаюцца ў школе, калі ня могуць у сетках сядзець».

Апошні званок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота
Апошні званок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота

З словаў Вольгі, ёй пакуль цяжка ацаніць, як паўплывала забарона карыстацца мабільнікамі на вучобу дзяцей у школах. У адзнаках, якія ейнае дзіця прыносіць з заняткаў, яна вялікай розьніцы не заўважыла.

«У нас неяк яно не адбілася, як было год таму, так і засталося, — кажа суразмоўца. — Магчыма, калі ацаніць у маштабах школы, то нешта можна сказаць. Але ў нас бязь зьменаў. Як вучылася „на сямёркі“, так і вучыцца».

Сын яшчэ адной суразмоўцы Свабоды, Ганны (імя зьмененае. — РС), ходзіць у старэйшую клясу менскай школы. Жанчына кажа, што мабільныя тэлефоны ў вучняў сынавай школы пачалі забіраць з 1 верасьня. Для гэтага недалёка ад прахадной з турнікетамі паставілі адмысловую шафу, дзе зьмясьцілі ячэйкі з нумарамі клясаў. Дзеці ад навіны, мякка кажучы, не ў захапленьні.

«Яны ж зараз пастаянна ў мабільніках, — гаворыць Ганна. — Натуральна, ім не падабаецца ўсё гэта. Але я ўжо заўважыла, што мой пачаў пляншэт з сабой у школу насіць. Забараняць ня буду, ён ужо дарослы і сам разьбярэцца».

З словаў Ганны, у бацькоўскіх чатах інавацыю ўжо амаль не абмяркоўваюць. Тэлефоны ў вучняў забіраюць на ўвесь навучальны дзень, аддаюць толькі калі сканчаюцца заняткі. Праз гэта бывае складаней разьвязваць побытавыя пытаньні, немагчыма зьвязацца зь дзіцём, калі яно ў школе. Аднак можна дамовіцца загадзя.

«Бацькоў больш турбуюць іншыя пытаньні — паборы гэтыя безупынныя, падрыхтоўка да тэставаньня, — прызнаецца Ганна. — Я сама думаю, што забараняць вось так, забіраючы тэлефоны, — мала сэнсу. Хто ня хоча настаўніка слухаць, той і ня будзе. Ён знойдзе сабе нешта іншае, калі ў яго тэлефон адабраць. А хто хоча вучыцца, той будзе вучыцца».

Брак кваліфікаваных настаўнікаў

Алена (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) амаль 20 гадоў працуе настаўніцай у школе абласнога цэнтру. Жанчына прызнае, што праблема мабільных тэлефонаў у вучняў існуе даўно, аднак ня ўпэўненая, што нежаданьне вучняў займацца на ўроках вучобай можна пераадолець забаронамі.

«Дзеці заўсёды нешта сабе знойдуць, калі ім нецікава або яны ня хочуць займацца, — кажа яна. Вядома, мінулымі гадамі ў тэлефонах сядзелі ўсе, нават выдатнікі. Як будзе цяпер, пакуль я ня ведаю. Толькі некалькі дзён прайшло, розьніцы ў актыўнасьці на ўроках я не заўважыла. Толькі пачаўся навучальны год».

Апошні званок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота
Апошні званок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота

Алена таксама прызнаецца, што настаўнікі ня вельмі задаволеныя забаронай на тэлефоны ў школе і для іх. У яе навучальнай установе пакуль абмяжоўваюцца неабавязковасьцю выкананьня новага правіла, адміністрацыя глядзіць на яго скрозь пальцы.

«Я і так не карысталася тэлефонам на ўроку, настаўнік проста ня мае часу на гэта, — кажа Алена. — А вось на перапынках — так, нешта падгледзець, зноў жа — зьвязацца з кімсьці. У дадатак у мяне бываюць „форткі“ (перапынкі паміж урокамі. — РС), тады можна і пачытаць нешта ці паглядзець у інтэрнэце. У нас у школе пакуль нармальна з гэтым. Чула, што ў іншых пакідаюць тэлефоны ў настаўніцкіх, але ў нас даволі не даставаць пры дзецях лішні раз. Я кладу ў торбачку і ўсё».

З словаў суразмоўцы, яна пакуль ня можа спрагназаваць, як адаб’ецца забарона выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны на пасьпяховасьці вучняў. Настаўніца кажа, што каб падвысіць узровень беларускай сярэдняй адукацыі, на яе думку, варта прымаць больш сур’ёзныя меры.

«У першую чаргу не хапае кваліфікаваных настаўнікаў, — кажа суразмоўца. — Дзеці — яны заўсёды аднолькавыя, мала хто зь іх хоча вучыцца і разумее, навошта гэта ім трэба. Магчыма, толькі ў старэйшых клясах, і ад бацькоў гэта моцна залежыць. Можна мабільныя тэлефоны забараніць, можна форму абавязковай зрабіць, гімн сьпяваць можна. Але калі няма настаўнікаў, калі ніхто ня хоча зь дзецьмі працаваць, то нічога ўсё адно ня зьменіцца да лепшага».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG