Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў таму затрымалі Марыю Калесьнікаву. Апошнія паўгода яна зноў у рэжыме інкамунікада


Марыя Калеснікава, 22 жніўня 2020
Марыя Калеснікава, 22 жніўня 2020

5 гадоў таму ў цэнтры Менску затрымалі Марыю Калесьнікаву, кіраўніцу перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, сябру Каардынацыйнай рады.

Апошняя вестка для родных была ў лютым

Амаль два гады Марыю Калесьнікаву трымалі ў рэжыме інкамунікада, часова прыпыненым у лістападзе 2024 году, пасьля міжнародных пратэстаў. Тады палітзьняволенай дазволілі кароткую сустрэчу з бацькам. Між тым зь лютага 2025 году Марыя Калесьнікава зноў знаходзіцца ў стане інкамунікада, расказала Свабодзе сястра палітзьняволенай Тацяна Хоміч:

«Апошняя вестка ад яе была яшчэ ў пачатку году, у лютым. Гэта літаральна пара сказаў. Сувязь так і не аднавілася. Няма званкоў, няма візытаў адваката ці сустрэчаў з роднымі, няма лістоў. Мы ведаем, што Маша знаходзіцца ў атрадзе зь іншымі жанчынамі, куды яе перавялі яшчэ летась у канцы лістапада, пасьля сустрэчы з татам», — сказала Тацьцяна.

Тацяна Хоміч кажа, што яе сястра цяжка перажывае разлуку з роднымі і спадзяецца, што хутка гэтая разлука закончыцца.

«Маша ў вязьніцы, а гэта расстаньне зь сям’ёй, сябрамі. І, напэўна, для многіх зараз гэта вельмі складаны час. І вельмі вялікі пэрыяд, усё ж мінула 5 гадоў. Зь іншага боку, апошнія месяцы насамрэч мне даюць надзею, што магчымае наступнае вызваленьне палітвязьняў», — мяркуе Тацяна Хоміч.

Днямі сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч ініцыявала зварот, у якім разам з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасьці заклікала ўлады Беларусі і дэмакратычных палітыкаў сьвету да перамоваў аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў.

Арышт і суд Калесьнікавай

Арышт вядомай актывісткі, якая на той момант стала сымбалем пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, выглядаў як выкраданьне ў стылі канца 1990-х гадоў.

Гэта адбылося раніцай 7 верасьня, у Менску, насупраць Дзяржаўнага мастацкага музэю. Паводле выпадковых сьведак, Марыю Калесьнікаву проста на вуліцы схапілі невядомыя ў цывільным і закінулі ў аўтамабіль, які спыніўся побач з тратуарам і адразу ад’ехаў. Пазьней стала вядома, што гэтак дзейнічалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, а тагачасны кіраўнік управы МУС, тады палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў асабіста кіраваў апэрацыяй, дапытваў Марыю ў будынку ГУБАЗіКу ды пагражаў ёй расправай.

Паводле пазьнейшых зьвестак, 8 верасьня разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым Марыю гвалтоўна прывезьлі на беларуска-ўкраінскую мяжу для выправаджэньня з краіны, але на памежным пераходзе яна выскачыла з аўтамабіля і парвала свой пашпарт.

Пасьля гэтага жанчына зноў апынулася пад арыштам, а 9 верасьня стала вядома, што Марыю Калесьнікаву афіцыйна затрымалі і падазраюць у крымінальным злачынстве паводле ч. 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»). Пазьней дадалі абвінавачаньне паводле артыкулу 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім»).

6 верасьня 2021 году суд прызнаў Марыю Калесьнікаву вінаватай і асудзіў яе на 11 гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістка сваёй віны не прызнала.

У студзені 2022 году Марыю Калесьнікаву перавялі ў гомельскую жаночую калёнію № 4, дзе яна з невялікімі перапынкамі знаходзіцца дагэтуль. Адзін зь перапынкаў быў у лістападзе 2022 году. Тады Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленьне гомельскай лякарні хуткай дапамогі і праапэравалі з прычыны прабадной язвы і пэрытаніту. Празь некалькі дзён палітзьняволеную перавялі назад у калёнію і дазволілі сустрэцца з бацькам.

У гомельскай жаночай калёніі Марыю Калесьнікаву шмат разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу»). Паводле зьвестак, якія праваабаронцы атрымалі ад былых вязьняў калёніі, адміністрацыя забараніла іншым асуджаным кантактаваць з Марыяй, а яе перасоўваньні пастаянна кантралююць ахоўнікі. Вядома, што палітзьняволеная моцна схуднела і аслабела, бывалі выпадкі, калі на праверку яе выводзілі пад рукі.

Раней у жніўні ў інтэрвію часопісу Time Аляксандар Лукашэнка не адказаў наўпрост, ці варта чакаць далейшых вызваленьняў палітвязьняў, у тым ліку, Марыі Калесьнікавай.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG