Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: заходнія дыпляматы далі зразумець Лукашэнку, што вызваленьне палітвязьняў — цана ўдзелу ў любых перамовах


Скрыншот сайту газэты Financial Times
Скрыншот сайту газэты Financial Times

Пра тое, як Лукашэнка імкнецца выйсьці з-пад уплыву Крамля, спрабуе наладзіць дыялёг з Захадам, напісала ўплывовае брытанскае выданьне Financial Times.

Артыкул «Ці можа Беларусь выйсьці зь ценю Расеі?» сёньня сярод асноўных публікацыяў на галоўнай старонцы сайту ўплывовага выданьня.

Зварот Менску да Кітаю мог быць шляхам дывэрсыфікацыі вонкавых адносінаў Беларусі без правакаваньня Крэмля, піша Financial Times.

«Але, хоць Менск і Пэкін маюць пэўную ступень палітычнай еднасьці, гэта ня ёсьць рэальнай альтэрнатывай: па-першае, гандаль усё яшчэ ідзе праз расейскую тэрыторыю, і значнай супрацы так і няма», — кажа ў інтэрвію выданьню аналітык Арцём Шрайбман з Цэнтру Карнэгі для вывучэньня Расеі і Эўразіі.

Паводле заходняга дыплямата, якога цытуе выданьне, Лукашэнка пачаў шукаць «пэўнай рэабілітацыі і аслабленьня санкцыяў, у тым ліку каб нацыянальная авіякампанія зноў магла выконваць камэрцыйныя рэйсы». Ён таксама мог хацець атрымліваць дэталі і сэрвісныя паслугі для авіяпарку краіны, дадаў дыплямат.

У Лукашэнкі не было іншага выбару, акрамя як вярнуцца да „звычайнага цыклю“ манэўраваньня паміж Пуціным і Захадам,—кажа высокапастаўлены заходні дыплямат. — Хоць ён неахвотна кантактаваў з заходнімі лідэрамі, магчыма, праз спалучэньне ўласных разьлікаў і ціску Масквы, у канцы мінулага лета настрой у Менску зьмяніўся, — спасылаецца FT на заходняга дыплямата.

«Мы далі зразумець, што вызваленьне палітычных зьняволеных — гэта цана ўдзелу ў любых перамовах», — дадаў заходні дыплямат.

Эўрапейскі аналітык, які спэцыялізуецца на рэгіёне, у сваю чаргу кажа выданьню, што прадстаўнікі адміністрацыі Лукашэнкі ня раз запрашалі яго і некалькіх іншых экспэртаў у Менск, што сьведчыць пра імкненьне Лукашэнкі ўзаемадзейнічаць з Захадам.

З моманту інаўгурацыі Трампа Лукашэнка пяць разоў сустракаўся з намесьнікам памочніка сакратара ЗША для Ўсходняй Эўропы Крыстафэрам Сьмітам, сказаў ён у інтэрвію часопісу Time.

У чэрвені візыт пасланьніка прэзыдэнта ЗША ва Ўкраіне Кіта Келага ў Менск прывёў да вызваленьня Ціханоўскага, якога на вялікай хуткасьці давезьлі да літоўскай мяжы зь мехам на галаве.

Паводле заходняга дыплямата, Лукашэнка, які імкнуўся зноў заявіць пра сябе на міжнароднай арэндзе як пра нешта большае, чым проста давераная асоба Крамля, «хацеў зрабіць жэст».

«Лукашэнку не прызнавалі пяць гадоў, таму публічныя сустрэчы на такім узроўні вельмі важныя для яго, — кажа ў інтэрвію выданьню Сьвятлана Ціханоўская. — Ён хоча адчуваць сябе важным».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG