Зьніклага ў гарах Кабардына-Балкарыі 26-гадовага грамадзяніна Беларусі Івана Сукача знайшлі мёртвым. Пошукавыя работы завершаныя. Такую інфармацыю апублікавала кіраўніцтва МНС Расеі ў Кабардына-Балкарскай рэспубліцы.
Ягонымі пошукамі займаліся 19 ратавальнікаў МНС і пашуковы атрад «Лідэр».
Цела знойдзена ў раёне вадаспаду на вышыні 2,8 тысяч мэтраў. Яго эвакуявалі. Іван не выходзіў на сувязь з 3 верасьня.
Вядома, што беларус не зарэгістраваў свой паход у горы. Ён плянаваў уздым на гару Тэрскалак.
Гэта ня першы выпадак гібелі горнага турыста ў раёне Эльбрусу. Найчасьцей гэта здараецца ў тых выпадках, калі людзі не паведамляюць і не рэгіструюць сваіх паходаў.
Гэта таксама ня першы выпадак гібелі беларуса на Эльбрусе. Амаль роўна два гады таму ў гарах загінуў кіраўнік апякунскай рады юніёрскага хакейнага клюбу «Дынама-Джунівэрс» Мікалай Ермашоў. Яшчэ некалькі разоў здараліся выпадкі, калі беларускіх турыстаў шукалі ў раёне Эльбрусу.
Форум