Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У ШЫЗА гэта практычна немагчыма». Што былыя вязьні думаюць пра вэрсію аб самагубстве Андрэя Паднябеннага


Андрэй Паднябенны, архіўнае фота
Андрэй Паднябенны, архіўнае фота

Маці загінулага палітвязьня Андрэя Паднябеннага кажа, што яе сына знайшлі павешаным у штрафным ізалятары магілёўскай калёніі. Былыя палітвязьні расказалі Свабодзе, наколькі магчыма павесіцца ў гэтай камэры.

Аб тым, што палітзьняволены Андрэй Паднябенны загінуў за кратамі, паведаміла яго маці Валянціна. Паводле жанчыны, мёртвае цела яе сына знайшлі павешаным у ШЫЗА магілёўскай калёніі № 15, дзе той адбываў прызначаныя яму больш чым 16-гадовы тэрмін, 3 верасьня. На момант паведамленьня Андрэя Паднябеннага ўжо пахавалі, пра афіцыйнае расьследаваньне прычынаў яго сьмерці нічога невядома, беларускія праваахоўнікі пра сьмерць Паднябеннага не паведамлялі. Свабода папрасіла былых зьняволеных беларускіх калёній паразважаць аб тым, ці магчымае самагубства ва ўмовах ШЫЗА.

Нагляд 24/7

Сяргей былы вязень, сядзеў у магілёўскай калёніі (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС). Ён расказаў Свабодзе, што ў кожнай камэры штрафнога ізалятара і пакоі камэрнага тыпу там стаіць відэаназіраньне.

«Нават калі за пультам нікога няма, у іх вядзецца запіс. Калі чалавек схільны да суіцыду, яны, можа быць, яго пільнуюць. Але ўсё адно яны ня могуць пільнаваць 24/7», — кажа суразмоўца.

Сяргей дадае, што каля самых дзьвярэй і кратаў камэры ёсьць умоўна сьляпая зона, якая не праглядаецца праз відэакамэру. І адзначае, што пакуль ён знаходзіўся ў ПК № 15, адзін чалавек ускрыў сабе жылы, а другі зрабіў спробу павесіцца знаходзячыся ў штрафным ізалятары. Ці яны выжылі, суразмоўца ня ведае.

Схема ПКТ і ШЫЗА Наваполацкай калоніі. Ілюстрацыя
Схема ПКТ і ШЫЗА Наваполацкай калоніі. Ілюстрацыя

Былы вязень тлумачыць, што ў ШЫЗА ў зьняволенага вобмаль рэчаў.

«Нават пояс нельга браць. Ты туды прыходзіш, на табе застаюцца твае майткі, шкарпэткі і майка. Робу — штаны і куртку — табе выдаюць. Ручнік у нас быў, папера для прыбіральні. Бялізны (пасьцельнай) няма, на дошках сьпіш… Матузкоў ці чагосьці дадатковага там няма, і табе ніхто туды не перадасьць», — камэнтуе Сяргей умовы ў ШЫЗА магілёўскай калёніі.

Ён дадае, што ранкам і ўвечары ў ШЫЗА праходзіць абход і ператрус, шукаюць забароненыя рэчы сярод гэтага невялікага набора. З чаго можна зрабіць пятлю ў штрафным ізалятары, ён ня ведае. Але дапускае, што гэта магчыма. Калі б гэта атрымалася, мяркуе, замацаваць яе можна на кратах каля ўваходу.

«Калі яны (супрацоўнікі калёніі — РС) „дапамогуць“, гэта хутчэй адбудзецца. Калі гэта зь іх боку, то яны ў гэты час могуць выключыць камэры і зрабіць тое, што ім заўгодна. Могуць не выключаць камэры, але проста гэта нікуды не трапіць… Яны бесьсьмяротныя», — кажа Сяргей пра супрацоўнікаў калёніі.

Ён мяркуе, што нават пасьля сьмерці Вітольда Ашурка ў шклоўскай калёніі, стаўленьне да палітвязьняў ня стала больш асьцярожным і мяккім.

«Калі б гэтага прэсінгу не было, такіх выпадкаў не было б, каб людзі канчалі самагубствам», — мяркуе суразмоўца.

Ён адзначае, што калі вязень знаходзіцца не ў ШЫЗА, шанцаў учыніць суіцыд у яго больш.

«Цудоўнае месца прамзона. Там варыянтаў для тых, хто вырашыў скончыць жыцьцё самагубствам, нямерана. Хаця ў кожным цэху вісіць па 2-3 відэакамэры, у кожнай ёсьць сьляпыя зоны… Калі ў чалавека ёсьць жаданьне, для яго выкананьня ён знойдзе месца… Там ёсьць жалеза, дрэва, мяшкі, алюміневы дрот», — кажа былы зьняволены пра тое, што падчас працы ў калёніі на прамзоне лягчэй знайсьці і месца, і час, і прылады для суіцыду.

«У ШЫЗА забіраюць і матузкі, каб не павесіўся, і рамяні»

Праваабаронца, былы палітзьняволены Леанід Судаленка, які адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі, расказаў Свабодзе, што там, калі вязьня накіроўваюць у штрафны ізалятар, у яго забіраюць амаль усе рэчы, у тым ліку асабістую бялізну. Пакідаюць зубную шчотку, зубную пасту, адзін рулон туалетнай паперы, выдаюць робу з халоднага матэрыяла, які нагадвае шкловалакно. Ён мяркуе, што там немагчыма павесіцца.

«У ШЫЗА забіраюць і матузкі, каб не павесіўся, і рамяні, і ўсё астатняе. А ў „лягеры“ (на тэрыторыі калёніі па-за ШЫЗА. — РС) ты з рэменем, з матузкамі, у цябе ёсьць магчымасьць адысьці, пабыць аднаму, ты можаш адысьці за рог на „промцы“ (у прамысловай зоне)… Калі ўсе лягуць спаць, ты можаш у сушылку пайсьці», — разважае суразмоўца пра варыянты месцаў для самагубства ў калёніі.

Магілёўская папраўчая калёнія №15. Візыт у калёнію камісіі зь Мінюста, сакавік 2023 году.
Магілёўская папраўчая калёнія №15. Візыт у калёнію камісіі зь Мінюста, сакавік 2023 году.

Былы палітвязень адзначае, што да чалавека ў ШЫЗА 3-4 разы на дзень заходзіць супрацоўнік калёніі, правярае яго. Кожныя 15 хвілін прадольны зазірае ў вочка камэры. Кажа, што вязьню чуваць гэты гук, калі адкрываецца вочка. Акрамя таго 24/7 за штрафным ізалятарам сочаць праз відэакаэры.

Судаленка падкрэсьліў, што варта шукаць прычыну, чаму вязень можа ўчыніць суіцыд у зьняволеньні.

«Мы гаворым пра маладога чалавека, які сядзіць па палітычным артыкуле, якога дзяржава назвала „тэрарыстам“, дала яму амаль 17 гадоў турмы. Стварылі для яго ўмовы. Пішуць, што яго зьбіваў асабіста начальнік калёніі. Трэба правесьці сьледзтва, але ў сёньняшніх умовах сьледзтва немагчыма правесьці, каб назваць пэрсанальна вінаватых. Таму вінаваты рэжым, вінаваты Лукашэнка, які стварыў „беларускія ГУЛАГі“, дзе людзі паміж жыцьцём і пазбаўленьнем волі абіраюць сьмерць», — разважае ён пра сытуацыю Андрэя Паднябеннага.

«Прасьцей кроў пусьціць»

Былы палітвязень, які сядзеў у шклоўскай калёніі, ананімна расказаў Свабодзе, што проста на тэрыторыі калёніі, на ягоную думку, хапае магчымасьцяў для суіцыду.

«А ў ШЫЗА практычна немагчыма. Там жа пастаянны кантроль: відэакамэры, кожныя 15 хвілін у вочка зазіраюць. Ды і няма на чым, хіба на штанах. Двойчы на дзень „шмоны“ разам з праверкай, у Шклове дакладна нічога не схаваеш. Прасьцей кроў пусьціць аб жалезны рукамыйнік, але не павесіцца», — кажа ён.

Суразмоўца зьвярнуў увагу на тое, што вязень тэарэтычна можа знаходзіцца ў ШЫЗА не адзін у камэры. Тады яго патэнцыйна могуць забіць іншыя зьняволеныя, калі прыкладам, паміж імі быў канфлікт. На ягоную думку, супрацоўнікі калёніі наўрад ці стануць забіраць жыцьцё ў вязьня самі, бо баяцца наступстваў пасьля гібелі Вітольда Ашурка, які загінуў пры нявысьветленых абставінах нібыта ў ШЫЗА шклоўскай калёніі.

Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску, месцы для адпачынку на вуліцы. Ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску, месцы для адпачынку на вуліцы. Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ адзін палітвязень, які вызваліўся з бабруйскай калёніі, каротка пракамэнтаваў Свабодзе, што ён ня бачыць магчымасьці павесіцца ў штрафным ізалятары. Але, паводле яго, гэта магчыма на тэрыторыі прамысловай зоны, калі вязень працуе, дзе ёсьць сьляпыя ад відэакамэр участкі.

Што вядома пра Андрэя Паднябеннага?

36-гадовы Андрэй Паднябенны памёр у калёніі селёта 3 верасьня, яго знайшлі павешаным у штрафным ізалятары, паведаміла ягоная маці ў сацыяльных сетках. Паводле інфармацыі Свабоды, прычынай стала ўдушша, загінулага ўжо пахавалі. Афіцыйныя крыніцы сьмерць Андрэя Паднябеннага не пацьвярджалі.

Паднябеннага асудзілі на 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўленьня волі паводле палітычных справаў. Пакараньне мужчына адбываў у магілёўскай калёніі № 15.

Як піша «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Пасьля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на розьнічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіраваньня.

Андрэй пакінуў жонку і малых дачок.

Ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці з 2019 года, выступаў супраць шчыльнай забудовы ў сваім раёне: зьбіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльненьня і друкаваў улёткі.

На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной зь іх быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.

Андрэй вёў здаровы лад жыцца: не курыў і ня піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясне» пра хлопца:

«Для яго не пустыя словы — прыстойнасьць, салідарнасьць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсьця, калі назіраў усю тую несправядлівасьць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэньне ПДД хіба. Ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG