Пры падтрымцы беларускага прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра (Нямеччына) канфэрэнцыю праводзяць Інстытут міжнародных сувязяў і палітычных навук Літоўскага ўнівэрсытэту і Латыскі Інстытут міжнародных адносін. Удзельнічаюць у канфэрэнцыі навукоўцы, палітыкі і экспэрты з больш як 10 эўрапейскіх краінаў і ЗША.
Адкрыла канфэрэнцыю кіраўніца беларускага прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра Габрыэле Баўман.
Спадарыня Баўман лічыць, што цікавасьць да Беларусі сёньня тлумачыцца найперш яе месцам у сыстэме эўрапейскай бясьпекі.
«Сёньня гэтая месца нэгатыўнае, бо Беларусь — адна з галоўных саюзьніц Расеі, якая вядзе вайну супраць Украіны і пагражае ўсёй Эўропе, але погляд у будучыню Беларусі прымушае нас глядзець шырэй, шукаць захады, як паспрыяць зьменам у гэтай важнай для эўрапейскай бясьпекі краіне Эўропы», — сказала Габрыэле Баўман ў інтэрвію Свабодзе.
Першая дыскусія на канфэрэнцыі прайшла з удзелам беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай і міністра замежных справаў Літвы Кястуціса Будрыса. Размова была прысьвечаная месцу Беларусі ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі, праблеме санкцый і рэакцыі на агрэсію Расеі супраць Украіны і на дапамогу Расеі з боку беларускага рэжыму.
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў пра адказнасьць Лукашэнкі за дапамогу расейскай агрэсіі, у тым ліку за тыя злачынствы, якія робяць ва Ўкраіне расейскія вайскоўцы, бо ён «ім дапамагае».
«Пакуль ня бачу ніякіх прычын для зьмяшчэньня санкцый супраць беларускага рэжыму, бо ня бачу ніякіх зьменаў у лепшы бок», — сказаў спадар Будрыс.
Кястуціс Будрыс сказаў, што сытуацыя з бясьпекай у Эўропе значна зьмянілася пасьля 2022 і патрабуе новых захадаў.
«Гэта экзамэн для нас і ўсіх народаў Эўропы, а таксама экзамэн для NATO», — сказаў спадар Будрыс. На ягоную думку, адказнасьць нясе і беларускі народ.
Ціханоўская: «Літва дае прыклад фармаваньня эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі»
Сьвятлана Ціханоўская выказала сваю пазыцыю за пытаньням бясьпекі ў Эўропе і месца ў ёй Беларусі.
«Для мяне вельмі важна, каб разьдзялялі беларускі рэжым і беларускі народ. Лукашэнка цяпер інструмэнт у руках Расеі, ён гатовы забясьпечваць агрэсію беларускай інфраструктурай ды іншай дапамогай. Але яго не падтрымлівае большасьць беларускага народу», — лічыць Сьвятлана Ціханоўская.
Беларускія людзі ведаюць, што Лукашэнка падтрымлівае Расею, у тым ліку з тэрыторыі беларускай зямлі і што гэта нясе ім небясьпеку, мяркуе Сьвятлана Ціханоўская. Ціханоўская лічыць, што Лукашэнку падтрымлівае значная частка чыноўнікаў і прафэсіянальных вайскоўцаў ды супрацоўнікаў сілавых установаў, якія ад яго залежаць, а звычайныя людзі яго падтрымліваюць значна менш.
Што да праблемы санкцый, то Ціханоўская заклікала быць прагматыкамі. На яе думку, Лукашэнка разумее толькі мову сілы і не саступіць бяз моцнага ціску, заклікі да лібэралізацыі на яго ня дзейнічаюць. Паводле Сьвятланы Ціханоўскай некаторыя камплімэнтарныя выказваньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на адрас Лукашэнкі — гэта спроба «выкарыстаць гуманітарны трэк» і дамагчыся новага вызваленьня палітвязьняў. Гэта можа спрацаваць, кажа Ціханоўская. Але, на яе думку, каб у будучыні прадставіць беларускаму народу магчымасьць зрабіць дэмакратычны выбар свайго далейшага шляху, санкцыі мусяць заставацца моцнымі.
«Для мяне відавочна, што будучыня Беларусі ў Эўропе, сярод эўрапейскіх народаў», — сказала Ціханоўская пра пэрспэктывы гэтага выбару.
Яна высока ацаніла ролю Літвы ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі і яе намаганьні па дапамозе дэмакратычным працэсам у Беларусі: «Літва дае прыклад фармаваньня эўрапейскай палітыкі па Беларусі».
Падчас канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская трымала ў руках тэчку з фатаздымкам палітзьняволенай Валерыі Касьцюговай, вядомай журналісткі і палітоляга, якая ўжо больш за 4 гады знаходзіцца ў зьняволеньні.
Цягам двух дзён на пляцоўцы міжнароднай канфэрэнцыі ў Інстытуце міжнародных сувязяў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту пройдзе 10 дыскусій на палітычныя і эканамічныя тэмы, зьвязаныя з Беларусьсю і яе шляхам у Эўропу.
Форум