Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Рызе заявіў міністар абароны краіны Андрыс Спрудс.
Зона паветранай прасторы ля мяжы з Беларусьсю і Расеяй закрытая па рэкамэндацыі Нацыянальных узброеных сіл пасьля ацэнкі рызык, піша выданьне lsm.lv.
Спрудс адзначыў, што падзеі ў сераду ў Польшчы — відавочнае парушэньне паветранай прасторы NATO, і Латвія павінна дзейнічаць адпаведным чынам, хоць зараз прамой пагрозы Латвіі няма, прэвэнтыўныя захады неабходныя.
Паветраная прастора будзе закрытая да вышыні 6000 мэтраў у 50-кілямэтровай зоне ад зьнешняй мяжы краіны.
Закрыцьцё паветранай прасторы ва ўсходняй мяжы дасьць магчымасьць поўнасьцю кантраляваць гэту зону і аблегчыць выяўленьне несанкцыянаваных лятаючых аб’ектаў, а таксама вызваліць зону абмежаванай паветранай прасторы для зьнішчальнікаў Балтыйскай місіі паветранага патруляваньня NATO і латвійскіх СПА, растлумачыў Спрудс.
Раней Польшча ўвяла да 10 сьнежня абмежаваньні па палётах уздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай.
Па прапанове апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па менскім часе 11 верасьня да 2 гадзін 59 хвілін 10 сьнежня 2025 года ўведзенае абмежаваньне палётаў ўздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай.
Туск заявіў аб актывацыі артыкулу 4 Статуту NATO
10 верасьня Дональд Туск заявіў, што значная частка бесьпілотнікаў, які трапілі ў польскую паветраную прастору, прыляцела зь Беларусі, піша Reuters.
Туск сказаў, што «мы знаходзімся ў сытуацыі, найбольш блізкай да ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусьветнай вайны». Туск паведаміў таксама, што былі зьбітыя 4 бесьпілётнікі.
Агулам больш за 20 расейскіх беспілётнікаў былі выяўленыя ў начны час падчас парушэньня паветранай прасторы Польшчы, піша польскае выданьне Rp.pl.
Для іх зьбіцьця выкарыстоўваліся баявыя самалёты, у тым лікугаляндскія F-35, якія прыбылі ў Польшчу 1 верасьня.
Форум