Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі запаволілася, але па-ранейшаму перавышае заплянаваны гадавы паказчык


Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Як паведаміў Белстат, прырост інфляцыі ў студзені-жніўні 2025-га склаў 5,3% пры гадавым прагнозе ўраду не вышэй за 5%.

Паводле афіцыйных зьвестак Белстату інфляцыя ў Беларусі ўпершыню за апошні час запаволілася — цэны ў жніўні ў параўнаньні зь ліпенем зьнізіліся на 0,3%.

Гэта адбылося за кошт харчовых тавараў — яны патаньнелі ў жніўні ў параўнаньні зь ліпенем на 0,9%. Нехарчовыя тавары і паслугі ў жніўні працягвалі даражэць — на 0,2 і 0,3% адпаведна ў параўнаньні зь ліпенем 2025 году.

Бліжэйшыя месяцы пакажуць, ці зьяўляецца месячнае паніжэньне цэнаў на харчовыя тавары тэндэнцыяй, якая пратрымаецца далей, ці гэта толькі сэзоннае зьніжэньне цэнаў, якое адбываецца кожны год.

Харчовыя тавары за 8 месяцаў падаражэлі, адпаведна са зьвесткамі Белстата, на 6,3%, на 2,6% падаражэлі нехарчовыя тавары, на 7% — паслугі.

Жнівень — першы месяц, калі цэны ў Беларусі пачалі зьніжацца. Адпаведна зьвестак Белстата, у чэрвені гэтага году адносна траўня цэны вырасьлі на 0,9%, у ліпені ў параўнаньні з чэрвенем — на 0,2%.

9 верасьня Лукашэнка запатрабаваў тэрмінова пераламаць тэндэнцыю па росьце інфляцыі і ўзмацніць у гэтым ролю Нацыянальнага банку, «якая пакуль у дадзеным працэсе наогул не бачная». Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Нацбанку і ўраду 9 верасьня.

Адпаведна з падпісанымі Лукашэнкам прагнознымі парамэтрамі эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2025 год «мэтавая задача абмежаваньня інфляцыі прадугледжваецца на ўзроўні, не вышэйшым за 5%».

Беларусь з паказьнікам 5,16% заняла сёмае месца ў росьце спажывецкіх цэн за 2024 год на тэрыторыі былога СССР.

Пасьля 2020 года Белстат адмовіўся ад публікацыі многіх дадзеных, у тым ліку, пра нараджальнасьць, сьмяротнасьць, гандлёвы абарот з шэрагам краінаў.

Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ўлады маніпулююць афіцыйнымі зьвесткамі, якія накіроўваюць у ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG