Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дроны ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы, польскае войска заявіла пра іх зьбіцьцё

абноўлена

Польскі зьнішчальнік F-16 пралятае над Польшчай у рамках вучэньняў NATO ў стрымліваньні расейскіх самалётаў ад пранікненьня ў паветраную прастору саюзьнікаў. Архіўнае фота
Польскі зьнішчальнік F-16 пралятае над Польшчай у рамках вучэньняў NATO ў стрымліваньні расейскіх самалётаў ад пранікненьня ў паветраную прастору саюзьнікаў. Архіўнае фота

10 верасьня Польшча падняла свае самалёты ў паветра і прывяла вайскоўцаў у стан найвышэйшай гатоўнасьці.

Прэм’ер Польшчы Дональд Туск на тэрміновым пасяджэньні ўраду заявіў, што ноччу паветраную прастору краіны парушыла вялікая колькасьць расейскіх бесьпілётнікаў. Тыя зь іх, якія ўяўлялі непасрэдную пагрозу, былі зьбітыя. На ягоную думку гэта было маштабнай правакацыяй.

Пераду гэтым ён правёў сустрэчы зь міністрамі, адказнымі за дзяржаўную бясьпеку.

Польскія вайскоўцы паднялі ў паветра зьнішчальнікі і прывялі сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў стан падвышанай гатоўнасьці пасьля таго, як бесьпілётнікі перасеклі польскую паветраную прастору падчас расейскіх удараў паблізу мяжы Польшчы з Украінай, паведамілі польскія ўлады 10 верасьня.

Міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Косіняк-Камыш заявіў, што самалёты «ўжылі зброю супраць варожых аб’ектаў». Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск таксама заявіў, што вайскоўцы стралялі па гэтых абʼектах.

Апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сіл Польшчы ў заяве ў сацыяльных сетках паведаміла, што паветраную прастору Польшчы неаднаразова парушалі бесьпілётнікі падчас нападу расейскіх войскаў, накіраванага на цэлі ва Ўкраіне.

Камандаваньне заявіла, што польскія ўзброеныя сілы «актывавалі ўсе неабходныя працэдуры», а наземныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны знаходзяцца ў стане найвышэйшай гатоўнасьці.

Узброеныя сілы Польшчы, якая ўваходзіць у NATO, заявілі, што польскія і саюзныя вайсковыя самалёты былі залучаныя для забесьпячэньня бясьпекі паветранай прасторы. Яны дадалі, што знаходзяцца ў пастаянным кантакце з камандаваньнем NATO.

Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў, што апэрацыя была распачата для нэўтралізацыі абʼектаў, якія перасеклі польскую мяжу.

«Усе службы ўведзены ў дзеяньне. Мы просім вас сачыць за абʼявамі Польскай арміі і паліцыі», — заявіў Томчык у X.

Польшча заяўляе пра зьбіцьцё бесьпілётнікаў, якія парушылі яе паветраную прастору падчас расейскага бамбаваньня Ўкраіны.

Каля 7-й раніцы польскага часу, як піша AP, польскія вайскоўцы паведамілі, што яны зьбілі бесьпілётнікі, якія парушылі яе паветраную прастору, калі Расея пачала сэрыю паветраных нападаў на Ўкраіну.

Прэм’ер-міністар Дональд Туск напісаў у X, што атрымаў паведамленьне ад Апэратыўнага камандаваньня арміі пра «зьбіцьцё бесьпілётнікаў, якія ўвайшлі ў нашу паветраную прастору і маглі несьці пагрозу». Апэрацыя працягваецца, напісаў Туск.

Ён дадаў, што паінфармаваў генэральнага сакратара NATO аб дзеяньнях польскага боку.

Раніцай паліцыя выявіла пашкоджаны бесьпілётнік ва ўсходнепольскай вёсцы Часноўка, паведаміла ў сераду паліцыя Люблінскага ваяводзтва пасьля парушэньняў польскай паветранай прасторы падчас расейскага нападу на Ўкраіну.

"А 5:40 раніцы ў вёсцы Часноўка супрацоўнікі паліцыі пацьвердзілі выяўленьне пашкоджанага бесьпілётніка«,— напісала паліцыя на X.

Збоі ў працы аэрапортаў

Паводле зьвестак Фэдэральнага ўпраўленьня цывільнай авіяцыі ЗША (FAA), Польшча таксама закрыла чатыры аэрапорты, у тым ліку галоўны аэрапорт імя Шапэна ў Варшаве.

FAA заявіла, што аэрапорт Жэшув-Ясёнка на паўднёвым усходзе Польшчы, які служыць цэнтрам перавозак пасажыраў і зброі ва Украіну, быў сярод часова закрытых аэрапортаў.

Кіраўніцтва варшаўскага аэрапорту імя Шапэна папярэдзіла аб магчымых збоях і затрымках рэйсаў, якія могуць працягвацца ўвесь дзень, піша Reuters.

Рэакцыя ў ЗША

Сэнатар Дык Дурбін (дэмакрат ад Ілінойсу) раней заявіў, што паўторныя парушэньні паветранай прасторы NATO расейскімі бесьпілётнікамі ёсьць прыкметай таго, што прэзыдэнт Расеі «Ўладзімір Пуцін правярае нашу рашучасьць абараняць Польшчу і краіны Балтыі».

Улічваючы нядаўнія сьмяротныя расейскія напады на ўкраінцаў, гэтыя ўварваньні нельга ігнараваць, заявіў Дурбін у X.

Паводле зьвестак украінскіх ВПС, большая частка Ўкраіны, у тым ліку заходнія вобласьці краіны Валынь і Львоўшчына, былі пад пагрозай паветранай трывогі раніцай 10 верасьня.

Рэакцыя ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у сераду, што падчас расейскіх нападаў за ноч па Польшчы было накіравана як мінімум восем бесьпілётнікаў з агульнай колькасьці каля 415 беспілотнікаў і больш за 40 ракет.

«Сёньня адбыўся чарговы этап эскаляцыі — расейска-іранскія „шахеды“ дзейнічалі ў паветранай прасторы Польшчы, у паветранай прасторы NATO. Гэта быў не адзін „шахед“, які можна назваць выпадковым, а як мінімум восем ударных бесьпілётнікаў, накіраваных у бок Польшчы», — напісаў Зяленскі.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга з гэтай нагоды заявіўу Х:

«Расейскія бесьпілётнікі, якія ляцяць у Польшчу падчас масаванага нападу на Ўкраіну, паказваюць, што пачуцьцё беспакаранасьці Пуціна працягвае расьці, бо ён ня быў належным чынам пакараны за свае папярэднія злачынствы. Пуцін проста працягвае эскаляцыю, пашырае сваю вайну і выпрабоўвае Захад. Чым даўжэй ён не сутыкаецца з адсутнасьцю сілы ў адказ, тым больш агрэсіўным ён становіцца. Слабы адказ зараз яшчэ больш правакуе Расею, і тады расейскія ракеты і бесьпілётнікі паляцяць яшчэ далей у Эўропу».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
  • У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG