Пра сьмерць палітзьняволенага Андрэя Паднябеннага стала вядома ў панядзелак 8 верасьня з допісу яго маці Валянціны Паднябеннай. З допісу жанчыны вынікала, што сын загінуў 3 верасьня. Ён быў асуджаны да 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўленьня волі, пакараньне адбываў у магілёўскай калёніі № 15.
Паводле інфармацыі Свабоды, загінулага палітвязьня ўжо пахавалі. У афіцыйных дакумэнтах аб яго сьмерці прычынай пазначана ўдушша.
10 верасьня Валянціна Паднябенная апублікавала некалькі новых допісаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Зь іх вынікае, што Андрэя Паднябеннага знайшлі на тэрыторыі калёніі № 15 павешаным.
Афіцыйныя крыніцы сьмерць Андрэя Паднябеннага не падцьвярджалі.
Што вядома пра Андрэя Паднябеннага?
Як піша «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Пасьля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на розьнічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіраваньня.
Андрэй меў жонку і дваіх малых дзяцей.
Ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці з 2019 года, выступаў супраць шчыльнай забудовы ў сваім раёне: зьбіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльненьня і друкаваў улёткі.
На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной зь іх быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.
Андрэй вёў здаровы лад жыцца: не курыў і ня піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясне» пра хлопца:
«Для яго не пустыя словы — прыстойнасьць, салідарнасьць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсьця, калі назіраў усю тую несправядлівасьць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэньне ПДД хіба. Ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў».
Форум