Пра сьмерць 36-гадовага Андрэя Паднябеннага расказала яго маці Валянціна Паднябенная.
«3ь верасьня ня стала майго любімага сыночка... Мае залатыя ўнучачкі засталіся бяз бацькі. Цешыць адно: больш ніхто не зможа ні фізычна, ні псыхалягічна зьдзекавацца з майго сына... Я веру, што кара Божая дагоніць вінаватага, і ніводнае злачынства не застанецца без пакараньня».
Андрэй Паднябенны мае расейскае грамадзянства.
Паводле «Вясны» раней за кратамі ў Беларусі памерлі палітвязьні Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Валянцін Штэрмер, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Шлетгаўэр.
Дакладная прычына сьмерці невядомая. У афіцыйных крыніцах інфармацыю аб інцыдэнце не пацьвярджалі.
У калёніі № 15 у Магілёве і раней паміралі вязьні. Паводле кнігі былога палітвязьня ПК-15 Алега Грузьдзіловіча «Мае турэмныя муры», у 2022 годзе ў гэтай калёніі адзін зьняволены памёр ад анкалягічнага захворваньня.
«Бачыў яго ў калідоры шпіталя, калі прыводзілі на мэдычны агляд перад ШЫЗА. Такі дзіўнага выгляду, чамусьці ўвесь у бінтах, крычаў нешта», — згадваў Алег Грузьдзіловіч.
Паводле ягоных успамінаў палітычных вязьняў калёніі рэгулярна саджаюць у ШЫЗА альбо ПКТ за самыя нязначныя парушэньні, пры гэтым у мэдычнай частцы калёніі даюць дазвол на зьмяшчэньне палітвязьня ў ШЫЗА, не зважаючы на стан ягонага здароўя.
Таксама былы палітвязень згадваў, што як ягоны сусед па нарах з цяжкім захворваньнем галаўнога мозгу цягам паўгоду ня мог дамагчыся працэдуры МРТ.
«Вязень губляў некалькі разоў прытомнасьць наўпрост на праверцы, пасьля чаго яго толькі перавялі ў іншы атрад», — згадваў былы палітвязень Грузьдзіловіч.
Сьвятлана Ціханоўская напісала з гэтай нагоды:
«Разьбітае сэрца з-за сьмерці 36-гадовага палітычнага зьняволенага Андрэя Паднябеннага, пра што паведаміла яго маці. Ён правёў амаль 4 гады за кратамі ў Беларусі.
Дзевяць палітычных зьняволеных ужо памерлі ў турме. Неабходныя тэрміновыя меры, каб выратаваць жыцьці закладнікаў рэжыму».
Што вядома пра Андрэя Паднябеннага?
Як піша «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Пасьля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на розьнічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіраваньня.
Андрэй меў жонку і дваіх малых дзяцей.
Ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці з 2019 года, выступаў супраць шчыльнай забудовы ў сваім раёне: зьбіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльненьня і друкаваў улёткі.
На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной зь іх быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.
Андрэй вёў здаровы лад жыцца: не курыў і ня піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясне» пра хлопца:
«Для яго не пустыя словы — прыстойнасьць, салідарнасьць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсьця, калі назіраў усю тую несправядлівасьць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэньне ПДД хіба. Ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў».
Перасьлед Паднябеннага
Андрэя Паднябеннага, які меў расейскае грамадзянства, але з шасьці гадоў жыў у Беларусі і меў від на жыхарства, затрымалі ў лістападзе 2021 года.
У закрытым рэжыме яго абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне чужой маёмасьці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал машыны начальніка Управы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэньні і адміністраваньні Telegram-канала і -чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваньнямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Судзьдзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
23 траўня 2022 г. КДБ унёс палітвязьня ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
У Гомельскім абласным судзе 3 студзеня 2023 г. вынесьлі яшчэ адзін прысуд Андрэю, яго абвінавацілі яшчэ паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). У выніку да 15 гадоў зьняволеньня яму дадалі яшчэ адзін год і восем месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У верасьні 2023 году стала вядома, што з СІЗА-3 Андрэя перавялі ў папраўчую калёнію № 15 у Магілёў.
Форум