Інфармацыя пра новыя правілы зьявілася на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Зьмяненьні тычацца турыстычных, навучальных і іншых візаў. У паведамленьні сказана, што заяўнікі на такую візу зараз павінны запісвацца на сумоўе ў пасольстве або консульстве ЗША ў краіне свайго грамадзянства або пастаяннага пражываньня.
Раней прайсьці сумоўе і падаць дакумэнты на візу такога тыпу можна было ў любой краіне.
У пачатку расейскага поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, амбасада ЗША ў Менску прыпыніла паўнавартасную працу ў Беларусі. Амэрыканскія візы ў Менску не выдаюцца з 2022 году. Грамадзяне Беларусі могуць падавацца на сумоўе ў Варшаве і Вільні.
Пры гэтым Дзярждэпартамэнт папярэджвае, што ў выпадку запісу ў прадстаўніцтве ЗША ў іншай краіне, якая не супадае зь месцам грамадзянства ці пастаяннага жыхарства, чалавеку давядзецца чакаць значна даўжэй.
Правілы зьмяніліся для грамадзянаў яшчэ 16 дзяржаў, гэта, апрача Беларусі, Афганістан, Чад, Куба, Гаіці, Іран, Лібія, Нігер, Расея, Самалі, Паўднёвы Судан, Судан, Сырыя, Украіна, Вэнэсуэла, Емэн і Зымбабвэ. Зазвычай новае месца сумоўя — сталіцы суседніх краінаў.
Грамадзяне Ўкраіны могуць падаваць дакумэнты ў польскіх Кракаве і Варшаве, а грамадзяне Расеі ў Варшаве і Астане (Казахстан).
У жніўні Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб праверцы больш за 55 млн уладальнікаў дзейных амэрыканскіх візаў. Новая фармулёўка ведамства прадугледжвае, што бесьперапынны працэс праверкі стаў значна больш распаўсюджаным і можа азначаць, што візу могуць раптоўна адклікаць нават у тых, каму раней дазволілі знаходжаньне ў ЗША.
Форум