Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы расказалі, якія дадатковыя фартыфікацыі збудуюць, каб адгарадзіцца ад Беларусі


На польска-беларускай мяжы, архіўнае фота
На польска-беларускай мяжы, архіўнае фота

Загарода «Ўсходні шчыт» ахопіць 100 км тэрыторыі ўглыб Польшчы, і гэта ня толькі фартыфікацыі.

Праект «Усходні шчыт» (пол. «Tarcza Wschód»), накіраваны на ўзмацненьне мяжы Польшчы, ня трэба атаясамляць толькі з будаўніцтвам фартыфікацыйных збудаваньняў, заявіў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў краіны, палкоўнік Славамір Валенчыкоўскі на штогадовым Эканамічным форуме ў Карпачы.

У сучасных умовах у фартыфікацыяў «ня шмат шанцаў, каб затрымаць суперніка на самай мяжы», — сказаў ён. Аднак збудаваньні «павінны каналізаваць яго рух, прымусіць рухацца на тых напрамках, на якіх мы хочам, каб ён знаходзіўся» — каб мець магчымасьць узьдзейнічаць на яго сродкамі паражэньня, дадаў вайсковец, якога цытуе Позірк.

У рамках праекту Валенчыкоўскі згадаў выкарыстаньне прыродных тэрыторый, дрэнажных каналаў, а таксама шэраг інфраструктурных праектаў.

Для перакіданьня войскаў патрэбныя пад’язныя шляхі, удакладніў ён:

«Цяперашнія праектаваліся, калі танкі важылі 40 тонаў, а нашыя транспартныя сродкі сёньня — 65 тонаў».

«Расейцы таксама ня сьпяць, распазнаюць нашу пастаянную інфраструктуру. Мы павінны рыхтаваць альтэрнатывы. Будзе ўзарваны мост — мы павінны загадзя прыгатаваць пад’язныя шляхі», — адзначыў прадстаўнік Генштабу. Пры гэтым ён заклікаў «не забываць аб лягістыцы для цывільных».

«Усходні шчыт» таксама прадугледжвае стварэньне «сыстэмы абароны ад нечаканасьцяў», сказаў палкоўнік:

«Сэнсары, якія дазваляюць назіраць за супернікам па другі бок мяжы, элемэнты радыёэлектроннай барацьбы, распазнаваньня аб’ектаў».

Праект ахопіць 100 км тэрыторыі ўглыб краіны.

Праект «Усходні шчыт» пазыцыянуецца як ключавы ў абароннай сфэры Польшчы і запатрабуе 10 млрд злотых (звыш 2,7 млрд даляраў). Прадугледжваецца частковае суфінансаваньне з боку Эўразьвязу і NATO.

Рэалізуецца ў 2024–2028 гадах. Яго мэтай заяўлена ўмацаваньне ўстойлівасьці Польшчы да нападаў і «гібрыднай вайны». Ён не накіраваны на барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, хаця ва ўжытку нярэдка памылкова блытаецца з збудаваньнем бар’еру на мяжы.

Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў 2022 годзе паўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Гэта й сталася прычынай, чаму Польшча будуе загароды і выдаткоўвае ўсё больш грошай на абарону.

Тым часам у польскім МУС заявілі, што буфэрная зона на польска-беларускай мяжы будзе дзейнічаць яшчэ тры месяцы. Гэта зьвязана з ростам міграцыйнага ціску з боку Беларусі.

У апошнія месяцы колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю павялічылася амаль удвая ў параўнаньні зь мінулым годам. З чэрвеня па жнівень 2025 году Памежная варта зафіксавала амаль 13 800 такіх выпадкаў. За аналягічны пэрыяд летась іх было 7500, што на 83% меней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG