Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Беларусі, польскаму дыплямату «ўказалі на недапушчальнасьць падобных дзеяньняў Варшавы, якія груба парушаюць прынцыпы добрасуседзтва і наносяць сур’ёзную шкоду двухбаковым дачыненьням».
Апроч таго, у МЗС Беларусі заявілі пра намер даць праўную ацэнку гэтаму інцыдэнту і запатрабавалі ад Варшавы «ўстрымацца ад дзеяньняў, што наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, і вярнуцца ў рэчышча цывілізаванага дыялёгу і агульнапрынятых формаў міждзяржаўнай камунікацыі».
У Польшчы назвалі інцыдэнт правакацыяй
«Мы ні ў якім разе не пагодзімся з такімі правакацыямі ці лухтой, якую распаўсюджвае беларускі бок», — заявіў журналістам прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, паведаміла агенцтва AFP.
«Я пакуль ня ўпэўнены ў характары візыту нашага манаха (у Беларусь), але, паводле маёй інфармацыі, ён паехаў туды, каб сустрэцца зь сябрам ці знаёмым», — дадаў ён.
Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што інцыдэнт з затрыманьнем у Беларусі польскага грамадзяніна не застанецца без адказу.
«Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. У рэшце рэшт, у беларускіх турмах ужо ёсьць польскія зьняволеныя, у тым ліку Анджэй Пачобут і іншыя. Мы ўжо вядзём унутраныя кансультацыі пра тое, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу», — сказаў Сікорскі.
Акрамя Сікорскага, ад Польшчы выступіў прадстаўнік спэцслужбаў у сувязях з грамадзкасьцю Яцэк Дабжыньскі.
«Арышт грамадзяніна Польшчы супрацоўнікамі КДБ Беларусі — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць нашай краіны. Польскія спэцслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых манэўрах», — падкрэсьліў ён у паведамленьні на X.
Гжэгаж Гавэл 1998 году нараджэньня, каталіцкі манах з Кракава. Улады Беларусі заявілі, што ён нібыта меў пры сабе восем дакумэнтаў, датычных вайсковых расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025». Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контравыведка КДБ.
Як сьцьвярджае прапаганда, 27-гадовы паляк нібыта спрабаваў залучыць у шпіёнскую дзейнасьць на карысьць Польшчы грамадзянаў Беларусі, якіх таксама затрымалі, але ў сюжэце не паказалі.
Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялі, што падчас вучэньняў будуць трэнавацца ва ўжываньні ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама ў супрацьпаветранай абароне, абарончых баявых дзеяньнях, падтрымцы тактычнай авіяцыі ды інш.
Форум