Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка падаў у Польшчы судовы пазоў аб абароне гонару і годнасьці на дэлегатку Каардынацыйнай рады (КР) Вольгу Карпушонак. Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Як паведаміў Латушка у сваім тэлеграм-канале, пазоў пададзены ў Акруговы суд варшаўскага раёна Прага, у дакумэнце адказчыцы «прапануецца на працягу чатырнаццаці дзён з дня ўступленьня ў сілу рашэньня суду, вынесенага па справе, апублікаваць замацаваны пост-абвяржэньне ў сацыяльнай сетцы Facebook, дзе былі зьмешчаныя ілжывыя зьвесткі пра мяне».
«Прапаную Вользе Карпушонак, якая зьяўляецца адвакатам, правесьці гэты разбор у рамках прапанаванай судовай працэдуры на тэрыторыі Польшчы. Я буду дамагацца абароны сваіх гонару і годнасьці ўсімі магчымымі прававымі спосабамі», — падкрэсьліў Латушка.
Паводле яго слоў, у рамках пазову ён будзе дамагацца «абмежаваньня магчымасьці Вольгі Карпушонак у публічным распаўсюджваньні паклёпніцкіх зьвестак у дачыненьні да мяне».
Раней 5 верасьня «поўную падтрымку і давер» Латушку ў канфлікце з Карпушонкам выказаў Абʼяднаны пераходны кабінэт.
30 жніўня дэлегатка КР (фракцыя «Хопіць баяцца!»), экс-адвакатка Карпушонак абвінаваціла Латушку ў сэксуальных дамаганьнях.
1 верасьня яна паведаміла аб гатоўнасьці «пацьвярджаць свае словы канкрэтнымі фактамі».
Латушка назваў гэтыя абвінавачаньні «хлусьнёй і паклёпам». Ён паведаміў аб намеры зьвярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб паклёпе, а таксама падрыхтаваць цывільны пазоў да Карпушонак аб абароне гонару і годнасьці і патрабаваць абвяржэньня.
У НАУ заявілі, што публікацыя «чарговага паклёпу Вольгі Карпушонак» — спэцапэрацыя КДБ, накіраваная на дыскрэдытацыю Латушкі.
Аб‘яднаны Пераходны Кабінэт Беларусі вы ступіў з заявай у сувязі з публікацыямі Вольгі Карпушонак з абвінавачаньнямі супраць намесьніка кіраўніцы АПК Паўла Латушкі:
«На гэты момант не прадстаўлена ніякіх фактаў або доказаў у падтрымку гэтых абвінавачаньняў. Таксама няма магчымасьці праверыць, ці былі гэтыя заявы зробленыя добраахвотна, без зьнешняга ціску або ўплыву.
Улічваючы, што спэцслужбы рэжыму сыстэмна праводзяць кампанію па дыскрэдытацыі беларускіх дэмакратычных сіл і іх прадстаўнікоў (у тым ліку Паўла Латушкі), мы разглядаем публікацыі Вольгі Карпушонак як частку гэтай кампаніі».
Аб’яднаны Пераходны Кабінэт пацьвярджае свой поўны давер і падтрымку Паўлу Латушку і заклікае грамадзянскую супольнасьць і міжнародных партнэраў крытычна ставіцца да такіх інфармацыйных атак.
- 3 верасьня ў інтэрнэце быў разьмешчаны скан ліста нібыта ад імя Карпушонак кіраўніку Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), у якім аўтарка сьцьвярджае, што «стала ахвярай сэксуальных дамаганьняў» з боку Латушкі.
- У адказ той заявіў, што дзеяньні Карпушонак накіраваныя на ліквідацыю КР і пазбаўленьне Рады міжнароднага прызнаньня. Латушка і Карпушонак зьяўляюцца членамі дэлегацыі КР у ПАРЭ.
- У цяперашні час месцазнаходжаньне Карпушонак невядомае.
Форум