Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адрэагаваў на затрыманьне грамадзяніна краіны, якога на прапагандысцкім канале ў Беларусі назвалі «польскім шпіёнам». Ягоныя словы прыводзіць канал TVN.
«Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. У рэшце рэшт, у беларускіх турмах ужо ёсьць польскія зьняволеныя, у тым ліку Анджэя Пачобута і іншых. Мы ўжо вядзем унутраныя кансультацыі аб тым, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу», — сказаў ён.
Акрамя Сікорскага, ад Польшчы выступіў прадстаўнік спэцслужбаў у сувязях з грамадзкасьцю Яцэк Дабжыньскі.
«Арышт грамадзяніна Польшчы супрацоўнікамі КДБ Беларусі — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць нашай краіны. Польскія спэцслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых манэўрах», — падкрэсьліў ён у паведамленьні на X.
Затрыманага завуць Гжэгаж Гавэл. Мужчына 1998 году нараджэньня, брат-кармеліт з Кракава. Улады Беларусі заяўляюць, што ён меў пры сабе восем дакумэнтаў, датычных вайсковых расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025». Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контрвыведка КДБ.
Як сьцьвярджае прапаганда, 27-гадовы паляк спрабаваў залучыць у шпіёнскую дзейнасьць на карысьць Польшчы грамадзянаў Беларусі, якіх затрымалі таксама, але ў сюжэце не паказалі. Абяцаў штомесячную плату.
Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялася, што падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя прымяненьне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
Форум