Жанчынам сярод іншага задавалі пытаньне, ці сутыкаліся яны з гвалтам на працягу свайго жыцьця. І гэты паказчык склаў 15,9 працэнта.
«Праведзенае ў Беларусі абследваньне, якое ахапіла жанчын ва ўзросьце 18-69 гадоў, паказала, што гвалт з боку інтымнага партнэра застаецца найбольш распаўсюджанай формай. У абсьледваньні вывучалі два пэрыяды: на працягу ўсяго жыцьця (з 18 гадоў) і за апошнія 12 месяцаў да апытаньня. Распаўсюджанасьць гвалту на працягу жыцьця адлюстроўвае агульны „назапашаны вынік“, тады як распаўсюджанасьць гвалту за апошні год паказвае бягучую сытуацыю», — паведамляе Белстат.
Белстат лічыць, што выпадкаў гвалту адносна жанчын стала меней.
«Важнай высновай стала тое, што рызыка сутыкнуцца з гвалтам у дадзены момант ніжэй, чым у сярэднім за жыцьцё, што сьведчыць аб эфэктыўнасьці захадаў, накіраваных на прадухіленьне гвалту і росьце культуры паважлівага стаўленьня да жанчыны. У апошнія 12 месяцаў доля жанчын, якія падвергліся гвалту з боку партнэра, склала: фізічны — 0,9%, сэксуальны — 0,2%, фізычны і / або сэксуальны — 1%, псыхалягічны — 4,9%», — паведаміў Белстат вынікі свайго апытаньня.
Што вядома пра хатні гвалт у Беларусі
Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі цяжка. Толькі па афіцыйных заявах, штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.
Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.
У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Распрацаваны законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям».
Пасьля зьнішчэньня НДА-сэктару і ініцыятываў па барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».
Прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі адчувалі сябе ў бясьпецы».
Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, заявіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, выступаючы 6 лютага 2025 году ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, якую цытуе прэс-служба МЗС Беларусі.
Паводле Бельскай, каб забясьпечыць прытулак для жанчын і дзяўчат, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, у Беларусі разьвіваецца сетка так званых «крызісныхм пакояў: 105 зьявіліся ў 2015 годзе і 134 у 2024 годзе). Як сьцьвярджае прадстаўніца Беларусі, у першым паўгодзьдзі 2024 году ў «крызісных пакоях» пражывалі «каля 108 чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, зь іх 81 жанчына і 27 мужчын».
Раней арганізацыі грамадзянскай супольнасьці прадставілі ў Камітэце альтэрнатыўны даклад аб становішчы жанчын у Беларусі. У ім гаварылася пра працяг іх дыскрымінацыі жанчын у краіне, роспуск арганізацый грамадзянскай супольнасьці, турэмнае зьняволеньне жанчын-праваабаронцаў і перашкоды да доступу жанчын да правасудзьдзя і інш.
Форум