У сюжэце супрацоўнікі КДБ затрымліваюць мужчыну, які называецца грамадзянінам Польшчы «Гжэгажам Гавэлам». Ён кажа, што хоча размаўляць па-польску.
Празь перакладчыка меркаваны супрацоўнік КДБ пытаецца, ці ня хоча затрыманы «сам нешта выдаць». Той адказвае, што так, і паказвае дакумэнт на блянку са словамі «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Упраўленьне паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня». Супрацоўнік зачытвае назву «Распоряжение об организации подготовки и участия в ССУ «Запад-2025».
Далей у сюжэце кажуць, што затрыманы 1998 году нараджэньня і жыве ў Кракаве. Сам затрыманы адказвае на пытаньне, што канкрэтна ён мусіў зрабіць: «Здабыць інфармацыю на тэму „Захаду“».
Далей сьцьвярджаецца, што Гавэл праз сацсеткі зьвязаўся з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацоўніцтва ў інтарэсах польскіх спэцслужбаў. Ён нібыта зьбіраў сакрэтную інфармацыю пра камандны склад, супрацоўнікаў вайсковай контравыведкі і вайсковыя аб'екты Беларусі.
У сюжэце таксама паказалі нібыта ранейшыя кадры з машыны, дзе невядомы перадае «Гжэгажу Гавэлу» дакумэнты. Паведамляецца, што распачалі крымінальную справа па арт.358 (шпіянаж) КК Рэспублікі Беларусь.
Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялася, што падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя прымяненьне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.