Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СНД пасьля выхаду зь яе шэрагаў Грузіі, Украіны і Малдовы прыдумалі новы фармат інтэграцыі


Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, Азэрбайджану — Ільхам Аліеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на саміце СНД у Бішкеку ў кастрычніку 2923 году. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, Азэрбайджану — Ільхам Аліеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на саміце СНД у Бішкеку ў кастрычніку 2923 году. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты з васьмі краін Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) падрыхтавалі праект рашэньня, якое прадугледжвае заснаваньне фармату «Садружнасьць незалежных дзяржаў плюс».

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, гэты дакумэнт у далейшым павінны зацьвердзіць кіраўнікі краін СНД.

Адзначаецца, што адпаведную ініцыятыву ў кастрычніку 2024 году агучыў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Новы фармат накіраваны на прасоўваньне «станоўчага іміджу Садружнасьці на ўсясьветнай арэне, расшырэньне сувязяў з зацікаўленымі дзяржавамі, іх аб’яднаньнямі і міжнароднымі арганізацыямі».

У падрыхтоўцы праекту рашэньня бралі ўдзел прадстаўнікі Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістану, Узбэкістану і Выканаўчага камітэту СНД.

Наступнае пасяджэньне Савета кіраўнікоў краін СНД заплянавана на 10 кастрычніка. Цяпер фарміруецца кола пытаньняў, якія разгледзяць на гэтай сустрэчы.

Пасьля распаду СССР у 1991 годзе ў склад СНД увайшлі 11 колішніх савецкіх рэспублік, за выключэньнем Грузіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Грузія далучылася ў 1993 годзе, але ў 2008 годзе, пасьля расейскай агрэсіі, выйшла з гэтай арганізацыі.

У 2014 годзе з СНД выйшла Ўкраіна, пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў дзьвюх абласьцях краіны — Данецкай і Луганскай, а таксама анэксіі Крыму.

Малдова спыніла свой удзел у мерапрыемствах СНД у 2022 годзе пасьля поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны і пачатку інтэграцыі ў Эўразьвяз. Цягам 2024 году Малдова пачала працэс выхаду з дамоў і пагадненьняў СНД.

Туркмэністан у 2005 годзе перайшоў у статус асацыяванага сябра-назіральніка ў СНД, але зь ліку заснавальнікаў гэтай арганізацыі ня выйшаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG