Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пачаліся манэўры «Жалезны кулак», якія праводзіць армія ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

5 верасьня ў краінах Балтыі і Польшчы пачынаюцца міжнародныя вучэньні «Жалезны кулак», якія праводзіць армія ЗША.

Манэўры будуць праходзіць на тэрыторыі Латвіі, Польшчы, Літвы і Эстоніі. Паводле паведамленьня Ўзброеных сілаў Літвы, гэтыя вучэньні складаюць частку супольных вучэньняў NATO і будуць праходзіць паралельна з нацыянальнымі вучэньнямі «Гром Перуна – 2025».

Галоўная мэта «Жалезнага кулака» — трэнаваць здольнасьць амэрыканскіх вайсковых адзінак хутка перадысьлякоўвацца зь месцаў пастаяннага разьмяшчэньня і рыхтавацца да ваенных апэрацыяў на ўсходнім флянгу NATO.

Плянуецца перакіданьне калёнаў вайсковай тэхнікі хаўрусьнікаў з Польшчы да месцаў вучэньняў у Літве.

Для ўдзелу ў вучэньнях у Літву таксама перакінуць каля 18 амэрыканскіх ударных гелікоптэраў AH-64 Apache і гелікоптэраў агульнага прызначэньня UH-60 Black Hawk. Палёты будуць праходзіць у многіх рэгіёнах краіны і ў памежнай паласе. Частка палётаў будзе адбывацца ўначы і на вельмі малой вышыні — каля 150 мэтраў.

«Дзеля бясьпекі вайсковых палётаў, бясьпекі экіпажаў паветраных караблёў і насельніцтва на пэўных тэрыторыях будуць вызначаныя часовыя беспалётныя зоны на малых вышынях. Гэтыя меры дазволяць бясьпечна разьмежаваць рух вайсковых і цывільных паветраных караблёў», — гаворыцца ў паведамленьні Ўзброеных сілаў Літвы.

Як паведамляла агенцтва BNS, у вучэньні «Гром Перуна», якія пройдуць у Літве ў верасьні–кастрычніку, залучаць каля 17 тысяч літоўскіх і хаўрусьніцкіх вайскоўцаў.

Іншыя вучэньні

На пачатку верасьня пачалі вайсковыя манэўры тры суседнія зь Беларусьсю дзяржавы .

На ўсёй тэрыторыі Латвіі 2 верасьня пачаліся арганізаваныя Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі комплексныя вучэньні дзяржаўнай абароны «Namejs 2025» (назва ад імя легендарнага правадыра зэмгалаў XIII ст.). У іх бяруць удзел каля 12 000 латыскіх і іншаземных вайскоўцаў, у тым ліку з Эстоніі.

У Літве пачаліся вайсковыя вучэньні «Perkūno Griausmas» («Гром Перуна»), у якіх бяруць удзел каля 17 тысяч літоўскіх і хаўрусьніцкіх вайскоўцаў. «Perkūno Griausmas» аб’яднае мноства невялікіх вучэньняў на тэрыторыі Літвы.

У Польшчы пачаліся стратэгічныя вайсковыя вучэньні Iron Defender 25 — сама маштабныя для краіны ў 2025 годзе.

Генэральны штаб Войска Польскага паведаміў, што ў манэўрах бяруць удзел каля 34 тысяч жаўнераў і афіцэраў з Польшчы і краін-хаўрусьніц, а таксама больш за 600 адзінак вайсковай тэхнікі розных тыпаў.

Згаданыя манэўры праходзяць у часе расейска-беларускіх вучэньняў «Запад-2025». Паводле зьвестак літоўскай выведкі, у апошніх прымуць удзел да 30 тысяч вайскоўцаў. Вучэньні «Запад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Іх маштаб зьменшыўся ў параўнаньні з папярэдне заяўленым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG