Сёлета Тыдзень беларускай культуры ў Літве праводзяць трэці раз. У межах ягонай праграмы прайшло першае паседжаньне «Мысьлярскага клюбу», адбыліся дзьве майстар-клясы, выступілі беларускія акторы Марына і Сяргей Здаранковы. У першы дзень тыдня адкрылі інтэрактыўную выставу «Літаратурны мапінг Вільні і Менску».
Кіраўніца Цэнтру Людвіка Кардзіс у інтэрвію Свабодзе сказала, што ў Беларускім доме гэтымі днямі пабольшала наведнікаў.
«Як па мне, усе імпрэзы былі вельмі цікавыя: адкрыцьцё літаратурнай выставы, майстар-клясаў для дарослых і дзяцей „Маё імя ў трох альфабэтах“ і „Тут я пачуваюся дома“. Асабліва адзначу першае паседжаньне „Мысьлярскага клюбу“. Гэта была наша даўняя ідэя — адкрыць такі „філязофскі салён“, дзе абазнаныя людзі будуць абмяркоўваць пэўную актуальную праблему, а наведнікі змогуць пачуць размову ды ў ёй паўдзельнічаць. І вось адбылося першае паседжаньне пад назвай „Мысьлярскі клюб“», — расказала Людвіка Кардзіс.
Пра супольную спадчыну — у «Мысьлярскім клюбе»
На першае паседжаньне філязофскага салёну арганізатары тыдня беларускай культуры запрасілі літоўскага гісторыка Альфрэдаса Бумблаўскаса і беларускага гісторыка Аляксея Ластоўскага, мадэратарам размовы быў літаратар Сяргей Дубавец. Тэмай размовы была агульная культурная спадчына.
«У тым ліку гаварылі пра так званы „літвінізм“, наколькі ён распаўсюджаны, што ў ім небясьпечнага, а што вартага ўвагі. Здаецца, наведнікі, якія сачылі за размовай, засталіся задаволеныя, пытым адгукаліся вельмі актыўна. Таму будзем працягваць дзейнасьць клюбу, возьмемся за іншыя актуальныя тэмы. Тыдзень беларускай культуры карысны і гэтым, бо дазваляе зарыентавацца, куды ісьці далей, як разьвівацца», — мяркуе Людвіка Кардзіс.
Тыдзень беларускай культуры арганізавалі актывісты беларускай супольнасьці пры фінансавай падтрымцы Дэпартамэнту нацыянальных меншасьцяў Міністэрства культуры Літвы. Людвіка Кардзіс лічыць гэтую падтрымку вельмі важнай і сымбалічнай.
«Літоўцы бачаць патрэбу у тым, каб падтрымаць беларускую культуру. І гэта можна сказаць ня толькі пра афіцыйныя ўстановы і арганізацыі, але і пра простых людзей. Бо аўдыторыя нашых імпрэзаў — ня толькі беларусы, але і літоўцы, і мясцовыя палякі. Спадзяемся ўбачыць нашых сяброў, прыхільнікаў беларускай культуры і ў суботу на канцэрце клясычнай музыкі. Будзе музычнае падарожжа ў мінулае Беларусі — ад эпохі Вялікага Княства Літоўскага да нашых дзён. А выканаўцамі будуць прафэсійныя беларускія музыкі».
Што яшчэ чакаецца падчас Тыдня беларускай культуры
У суботу, 6 верасьня, у Беларускім доме ў Вільні (адрас — вул. Віленская/Vilniaus g. 20) адбудзецца канцэрт клясычнай музыкі. У праграме прагучаць творы кампазытараў Тадэвуша Касьцюшкі, Міхала Кляофаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Мацея Радзівіла, Караля Ельскага, Уладзімера Солтана, Яўгена Глебава, а таксама Фрыдэрыка Шапэна, Джона Ратэра, Марэна Марэ, Уільяма Бэрда.
Выканаўцамі будуць Яўген Віданаў (флейта) і Сьвятлана Ярміліна (фартэпіяна).
Яўген Віданаў — беларускі флейтыст, пэдагог, мастацкі кіраўнік ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле», у мінулым саліст Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Зараз жыве ў Клайпедзе.
Сьвятлана Ярміліна — беларуская піяністка і канцэртмайстарка, пэдагог, ляўрэатка міжнародных конкурсаў. Сьвятлана актыўна ўдзельнічае ў музычных праектах розных жанраў, жыве ў Вільні.
Плянаў у Цэнтру шмат
Людвіка Кардзіс падзялілася і далейшымі плянамі працы Цэнтру беларускай супольнасьці і музэю імя Івана Луцкевіча.
«Застаюцца нязьменнымі нашыя і мэта, і асноўныя пляны. Мэта — гэта папулярызацыя беларускай культуры і падтрымка ў Вільні беларускай супольнасьці. Таму, як і раней, будзем праводзіць канфэрэнцыі, выставы малюнкаў, фатаздымкаў, прэзэнтацыі кніг, сустрэчы, канцэрты. Ад старых добрых звычаяў, якія сталі нашай візытоўкай за шмат гадоў, адмаўляцца не зьбіраемся. Працягвае працу бібліятэка, далей працуюць супрацоўнікі музэю. Вось рэалізавалі выдатны праект перавядзеньня ў лічбу архіваў беларусаў-віленчукоў, перададзеных у музэй. Праца праводзілася з дапамогай Брытанскай бібліятэкі», — расказала Людвіка Кардзіс.
Апрача таго, зь верасьня аднаўляе працу нядзельная беларуская школа пры Цэнтры беларускай супольнасьці, для яе гэта будзе ўжо пяты навучальны год.
«Заяваў на навучаньне дзетак пададзена крыху меней, за год частка беларусаў зь Вільні зьехала, мы гэта адчуваем, але наша праца працягваецца. Яна патрэбная беларускай будучыні, і мы ад гэтай місіі не адмовімся».
Працягваюцца і курсы беларускай, літоўскай і ангельскай моваў.
На першым паверсе Беларускага дому ужо шмат гадоў месьцяцца выстава старажытнай керамікі і экспазыцыя, прысьвечаная Івану Луцкевічу. Валянтэры Цэнтру супольнасьці і культуры клапоцяцца пра пашырэньне экспазыцыяў.
«Цяпер мы хочам зрабіць сталую музэйную экспазыцыю ў вялікай залі на другім паверсе, каб выставіць там экспанаты беларускай культурнай спадчыны, якіх назьбіралі шмат, але паказаць іх наведнікам пакуль ня можам. Ёсьць такі плян, але яго пакуль не ўдалося рэалізаваць з прычыны недахопу фінансаў. Таму шукаем фінансаваньне і спадзяемся, што гэты плян нарэшце рэалізуем», — сказала спадарыня Кардзіс.
10 тысяч эўра ахвяраваньняў
Кіраўніца Цэнтру падкрэсьліла, што сталага фінансаванья цэнтар ня мае і функцыянуе на ахвяраваньні, таму для яго вельмі важная актыўная падтрымка беларусаў, якія жывуць у Літве.
«Гэтым годам мы добрую суму ахвяраваньняў сабралі праз сыстэму пералічэньня на дабрачыннасьць 1,2% падаткаў, якая дзейнічае ў Літве. Мы аказаліся у лідэрах сярод беларускіх арганізацый, якім людзі ахвяравалі частку падаткаў — каля 10 тысяч эўра. Для нас гэта была рэкордная сума. Асабліва прыемна, што мы першыя ў колькасьці падаткаплатнікаў, якія гэтак вырашылі нас падтрымаць, Вельмі удзячныя нашым данатарам. Арэндную плату дзякуючы літоўскай дзяржаве мы плацім невялікую, але камунальныя паслугі значныя, таму гэтыя грошы — вельмі важны ўнёсак у нашу падтрымку».
Форум