Максім Рыжанкоў назваў крок польскіх уладаў «антынародным», накіраваным «супраць простых людзей, якія плянавалі свае паездкі», піша БелТА.
Паводле Рыжанкова, гэта таксама праява несумленнай канкурэнцыі, і палякі пакаралі гэтым сябе і сваіх партнэраў. Ён сказаў таксама, што гэтае рашэньне нэгатыўна адаб’ецца на іміджы Польшчы ў Беларусі.
Паводле ягоных словаў палітыкі Эўразьвязу «ўсё робяць для таго, каб ператварыць ЭЗ у нейкую абложаную крэпасьць»:
«Насамрэч у гэтым няма ніякай неабходнасьці, абсалютна бессэнсоўная задума з пункту гледжаньня забесьпячэньня бясьпекі, стабільнасьці ў рэгіёне. А наадварот, толькі яшчэ большае нагнятаньне, эскаляцыя».
9 верасьня кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025».
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыцьцё Польшчай мяжы зь Беларуссю «прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі» і адзначыла, што дэмакратычныя сілы «кантактуюць зь Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў найбліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаваньні».
- Маштабныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
- Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску — Берасьце (з сумежнага боку Цярэспаль).
- Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
Форум