Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка


Кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску
Кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску

Рашэньне Польшчы зачыніць мяжу — адказ ня толькі на вучэньні «Захад-20025», але і на нядаўні арышт польскага манаха, абвінавачанага ў шпіянажы, на няспынны міграцыйны крызіс, на ўтрыманьне за кратамі Анджэя Пачобута.

Гэтак мяркуе палітычны аналітык, кіраўнік Інстытуту бясьпекавых даследаваньняў імя Касцюшкі Вадзім Мажэйка

Сьцісла:

  • Польшчы складана будзе адкруціць назад закрыцьцё мяжы, калі ня будзе крокаў насустрач з боку афіцыйнага Менску.
  • Праз вучэньні беларусы прызвычайваюцца да таго, што расейскія войскі ходзяць па беларускай зямлі, як у сябе дома.
  • Заява пра перанос вучэньняў углыб тэрыторыі Беларусі не нашмат зьніжае іх небясьпеку, бо да мяжы недалёка і з цэнтру краіны.

У гадавіну бітвы пад Воршай Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе сумесна з Чэскай асацыяцыя міжнародных справаў зладзілі імпрэзу пад назвай «Спадчына бітвы пад Воршай: адказ дэмакратычнай Беларусі Захаду-2025». Асноўным выступоўцам на ёй быў палітычны аналітык, кіраўнік Інстытуту бясьпекавых дасьледаваньняў імя Касьцюшкі Вадзім Мажэйка.

У рамках імпрэзы таксама прадставілі два новыя аналітычныя агляды: «Чырвоная кніга: Рамкі бясьпекі ЭЗ— Беларусь» і «Захад-2025: Вучэньні пад прыкрыцьцём».

Радыё Свабода папрасіла Вадзіма Мажэйку распавесьці галоўныя тэзы яго выступу, а таксама пракамэнтаваць рашэньне Польшчы зачыніць мяжу з пачатку вучэньняў «Захад-2025».

— Прэм’ер Польшчы Дональд Туск абвясьціў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расейскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025». Абвешчана, што мяжа будзе адкрытая толькі тады, калі небясьпека зьнікне. У чым Польшча бачыць такую пагрозу ад вучэньняў, на якую раней не лічыла патрэбным гэтак рэагаваць?

— Мяркую, гэта акурат той моцны адказ, які палякі абяцалі за затрыманьне свайго манаха, якога Менск выдае за шпіёна. І палякі незадаволеныя сталым выкарыстаньнем Польшчы ў якасьці гэткага хлопчыка для біцьця, зручнага Лукашэнку. Палякі незадаволеныя бясконцым міграцыйным крызісам, зьняволеньнем Анджэя Пачобута, глумам з магілаў байцоў Арміі Краёвай.

Аналітык Вадзім Мажэйка
Аналітык Вадзім Мажэйка

Для звычайных беларусаў галоўная праблема ў гэтай меры — гэта спыненьне пасажырскага руху. Але палякі падкрэсьлілі, што спыняецца і чыгуначны рух. А чыгуначны рух — гэта сухапутны транзыт кітайскіх тавараў у Эўропу, частка кітайскага праекту «Адзін пояс, адзін шлях».

Польшча сваім рашэньнем аб закрыцьці мяжы паказала, што яна ня хоча больш цярпець бясконцыя выклікі. І яна ўжыла сваю, так бы мовіць, эканамічную «ядзерную зброю» — спыненьне чыгуначных зносінаў.

— А на ваш погляд — гэта працягнецца толькі на час вучэньняў, ці стане новай рэальнасьцю, ужо незалежнай ад вучэньняў?

— Гэта эскаляцыя ў адказ ад эскаляцыю Лукашэнкі. А далейшае разьвіцьцё падзеяў залежыць ад таго, як на гэта адрэагуе Лукашэнка, як на гэта адрэагуе Кітай, ці пашле Пэкін ясны сыгнал Менску. Калі ніякай рэакцыі з Менску не будзе, то, як той казаў, каса можа трапіць на камень і магчыма сапраўды, прынамсі на нейкі пэрыяд, новая сытуацыя на мяжы можа стаць доўгатэрміновай рэчаіснасьцю. І для Польшчы неабходнасьць адкруціць сытуацыю назад, калі нічога ня зьменіцца ў Беларусі, будзе выглядаць ня вельмі прыгожа.

— Якую небясьпеку нясуць Беларусі і рэгіёну вучэньні «Захад-2025»? Яны плянавыя, удзельнічаць у іх будзе ня так шмат вайскоўцаў. Тым ня менш.

— Стратэгічна такія вучэньні небясьпечныя тым, што ў выніку іх беларусы прызвычайваюцца да таго, што расейскія войскі ходзяць па беларускай зямлі, як у сябе дома. Падзеі 20222 году прадэманстравалі, што можа быць так, калі расейскія войскі вольна ходзяць па беларускай зямлі, Беларусь становіцца суагрэсарам. Пры тым, што беларуская грамадзкая думка абсалютна супраць гэтага, нават самая прарасейская частка грамадзтва ня хоча ўдзелу Беларусі ў вайне.

Вучэньні небясьпечныя менавіта звычкай. Так, яны плянавыя, так, у іх будзе браць удзел няшмат вайскоўцаў. У 2017 годзе, калі праводзіліся такія ж вучэньні, Беларускае тэлебачаньне паказвала, як расейскія танкі вяртаюцца дадому. І здавалася, што нічога страшнага. А потым прыйшоў 2022 год.

І таму ня варта расхалоджвацца і думаць, што беларуска-расейскія вучэньні — гэта нармальная справа.

— Было абвешчана, што насуперак першапачатковаму сцэнару вучэньняў яны будуць перанесеныя ўглыб тэрыторыі Беларусі, падалей ад межаў з Польшчай і Літвой. Праўда, потым начальнік генштаба Беларусі Муравейка заявіў, што гэтыя зьмены таксама могуць быць скарэктаваныя. Ваш прагноз — ці вернуцца да больш агрэсіўнага сцэнару?

— Было шмат такіх рытарычных гульняў, рытарычных эскаляцыяў і дээскаляцыяў падчас падрыхтоўкі да гэтага вучэньняў. То гаворыцца, што вучэньні адводзяцца ад мяжы, то кажуць, што падчас вучэньняў адпрацуюць выкарыстаньне ядзернай зброі. Гэта такія арэлі, якія разгойдваюцца ў рытарычнай плашчыні.

Што да пераносу іх падалей ад мяжы, дык ад Менску да Вільні паўтары гадзіны на цягніку. У Беларусі ўсё даволі блізка ад мяжы. І войскі могуць дайсьці да мяжы даволі хутка нават з цэнтру краіны, балазе ў заходнім накірунку дарогі добрыя.

Таму Польшча і абвясьціла, што зачыняе мяжу з прычыны небясьпекі, якую нясуць гэтыя вучэньні. У вайсковым сэнсе ня мае вялікага значэньня, наколькі далёка на тэрыторыі Беларусі гэтыя вучэньні праводзяцца.

У сувязі з тым, што ў Расеі на фронце справы ідуць ня надта добра, вялікі кантынгент яна ня можа дазволіць сабе паслаць на вучэньні. А Менск ня вельмі зацікаўлены ў тым, каб рэальна ўзмацняць напружанасьць. Таму адбываюцца такія рытарычныя гульні наконт адводу вучэньняў ад заходняй мяжы.

— Перанос месцаў правядзеньня вучэньняў — жэст Лукашэнкі, на які Масква згадзілася, ці жэст Пуціна?

— Мяркую, што Расея задае агульны тон адносна таго, эскалюецца ці дээскалюецца сытуацыя. Гэтыя рытарычныя гульні адбываюцца сынхронна з хадой перамоваў паміж Расеяй і ЗША.

Уладзімір Пуцін можа падаваць сыгналы, маўляў зараз варта дэманстраваць лагоднасьць ці пагрозьлівасьць. Але ў межах гэтай агульнай лініі, Менск можа праяўляць самастойнасьць у яе афармленьні, рэалізацыі.

Лукашэнка адчувае, чаго хоча Пуцін, і робіць тое з апераджэньнем. Да лютага 2022 году нехта яшчэ мог верыць у тое, што Лукашэнка самастойны ў сваіх рашэньнях. Пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны бачна, што Лукашэнка робіць тое, што трэба Пуціну і нават ня мае ніякага імпэту нешта прапаноўваць сваё.

— Напрыканцы жніўня пасьля сустрэчы з Лукашэнкам міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што на вучэньнях «Захад-2025» адпрацуюць «плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і „Арэшніка“». Гэта паўтарэньне Тоцкіх вучэньняў 1964 году, калі ядзерная зброя рэальна ўжывалася? Ці імітацыя ўжываньня?

— Гэта павялічваньне ставак дзеля таго, каб потым прыгожа прадэманстраваць, што нічога страшнага ня здарылася. Каб потым прапагандысты сказалі, што вось на Радыё Свабода казалі пра рэальныя ядзерныя выбухі, а глядзіце — ніякіх выбухаў не было. Нават у заявах адносна ядзернай зброі ў Беларусі і яе магчымага разьмяшчэньня мы бачым больш рыторыкі, няма ніякіх канкрэтных доказаў, што ядзерная зброя ў Беларусі фізычна разьмешчаная.

Зрэшты стратэгічная нявызначнасьць — гэта таксама частка ядзернай стратэгіі. Так, палігоны, сховішчы, інфраструктура для разьмяшчэньня ядзернай зброі. Але я б даў усё ж такі большую імавернасьць за тое, што пакуль фізычна ядзернага зброі ў Беларусі няма.

Таму я мяркую, што заявы пра «адпрацоўку плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і „Арэшніка“» — гэта хутчэй балбатня, запужваньне, каб потым прыгожа прадэманстраваць, наколькі нічога страшнага не здарылася.

— Якімі парамэтрамі можна апісаць сёньняшнюю вайсковую залежнасьць Беларусі ад Расеі?

— Залежнасьць большая, чым рэальная вайсковая прысутнасьць. Напэўна, у 2022 годзе палітычна для Расеі было вельмі важна, каб тыя войскі, якія ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, да канца ніколі ня выйшлі, каб яны замацаваліся. І Лукашэнка не рызыкнуў бы пярэчыць гэтаму. Тое, што Расея гэтага не зрабіла, зьвязана з тым фактам, што ў Крамля няма вольных войскаў, каб проста іх разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі для стратэгічных палітычных справаў. Усе патрэбныя на фронце.

Цяпер Лукашэнка ня мае палітычнай волі, каб не падпарадкоўвацца жаданьням Крамля ў вайсковай сфэры. У 2019 годзе ў інтэрвію Аляксею Венядзіктаву ён казаў, што калі будзе агрэсія АДКБ супраць Беларусі, дык NATO абароніць Беларусь. Цяпер такія заявы ад яго абсалютна немагчымыя.

І пасьля вываду асноўных расейскіх кантынгентаў зь Беларусі застаецца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, вышкал расейскіх мабілізаваных, сумесныя вучэньні, лячэньне расейскіх параненых. Нарэшце, нават прадастаўленьне магчымасьці разьмясьціць ПВК «Вагнэр».

Няма ніводнага факту, калі б Расея відавочна нечага хацела, а Лукашэнка ёй у гэтым адмаўляў. Акрамя гіпатэтычных уяваў, што Расея хацела ці хоча, каб беларускае войска ўступіла ў вайну. Я ня думаю, што яна гэтага хацела ці хоча. Таму што рызыкаў у гэтым для Расеі больш, чым плюсаў.

У сьвеце яшчэ засталіся наіўныя людзі, якія лічаць, што Лукашэнка будзе неяк супрацьдзейнічаць Пуціну ў вайсковай сфэры, чагосьці ня зробіць, што Пуцін хоча, ці нешта ня дасьць Пуціну. Я баюся, што калі яны будуць кіравацца такой наіўнасьцю ў палітыцы, дык могуць атрымаць новыя Бучы ў сваіх краінах.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG