Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі на мяжы, праблемы з грузамі, страта ў экспарце: Што для Беларусі значыць закрыцьцё мяжы Польшчай


Зачынены памежны пераход у "Кузьніцы", польска-беларуская мяжа. Архіўнае фота
Зачынены памежны пераход у "Кузьніцы", польска-беларуская мяжа. Архіўнае фота

За апошнія суткі праз польскую мяжу праехала 645 легкавікоў і 709 грузавікоў. Як нават часовае закрыцьцё мяжы адаб’ецца на людзях і эканоміцы. Разьбіраемся.

У ноч на 12 верасьня Польшча вырашыла цалкам закрыць мяжу з Беларусьсю. Польскі ўрад зьвязаў гэта з сумеснымі з Расеяй вучэньнямі «Захад-2025», якія пройдуць у Беларусі з 12 да 16 верасьня.

Усе пункты пропуску, у тым ліку чыгуначныя закрываюцца на неакрэсьлены час. Міністар унутраных справаў Польшчы Марцін Кервіньскі падкрэсьліў, што сканчэньне вучэньняў не азначае аўтаматычнае адкрыцьцё пунктаў пропуску.

«[Памежныя пераходы] будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сытуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян», — падкрэсьліў кіраўнік ведамства 9 верасьня.

Апошнім часам на беларука-польскай мяжы працавалі два наземныя пункты пропуску: Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) для легкавых машын, і Казловічы (Кукурыкі) — для грузавых.

Іншыя чатыры пункты пропуску перасталі дзейнічаць раней з ініцыятывы польскага боку. То бок цяперашняе рашэньне польскіх уладаў цалкам закрывае мяжу з Беларусьсю. Ад 12 верасьня на мяжы Беларусі і Эўразьвяза застанецца толькі тры дзейныя пункты пропуску. «Каменны лог» і «Беняконі» на мяжы зь Літвой і «Грыгараўшчына» на мяжы з Латвіяй.

Што гэта значыць для людзей

На раніцу 10 верасьня на польскай мяжы ў пункце пропуску «Берасьце» на выезьдзе зь Беларусі знаходзілася 1360 аўтамабіляў і 30 аўтобусаў. За суткі 10 верасьня мяжу прайшлі 645 легкавікоў. Таксама праз гэты пункт пропуску ў суткі праяжджаюць дзясяткі аўтобусаў, які кіруюцца не толькі ў Польшчу, але і ў іншыя краіны Эўразьвязу. На Польшчу прыходзіцца палова ад усяго легкавога памежнага трафіку з краінамі ЭЗ.

Чарга з фур на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Архіўнае фота
Чарга з фур на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Архіўнае фота

Калі абмежаваньні ўступяць у сілу, то на легкавіку застаецца шлях у ЭЗ праз Літву, аднак там дзейнічаюць абмежаваньні: заехаць на машыне на беларускіх нумарах могуць тыя, хто ці то мае дазвол на жыхарства ў Літве, ці літоўскую візу. З 1 верасьня дзейнічае таксама абмежаваньне на ўезд у Латвію: уладальнікам дазволу на жыхарства трэба запоўніць анкету за 48 гадзінаў да ўезду. У іншых выпадках праезд па тэрыторыі Латвіі на аўто з беларускімі нумарамі цалкам забаронены.

Згодна з тэматычнымі чатамі аб праходжаньні мяжы з Польшчай, беларускія аўтобусныя перавозчыкі цяпер афармляюць дадатковыя рэйсы да 12 верасьня.

На час закрыцьця мяжы з Польшчай вырастуць чэргі на іншых памежных пераходах, пра гэта кажа старэйшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна.

«Адразу вырастуць чэргі. Таксама, калі мяжу адкрыюць, калі гэта адбудзецца, мы ўбачым актыўны рост з легкавікоў, аўтобусаў. Бо паедуць тыя людзі, якія вымушаныя былі адкласьці свае паездкі. Калі ж мяжу закрыюць на больш доўгі тэрмін, то людзі, якія нават маюць візу будуць абмежаваныя ў паездках у ЭЗ, бо нагрузка ляжа на Літву і Латвію, якія маюць свае ліміты па праходжаньні мяжы», — гаворыць эканамістка.

Удзень 10 верасьня стала вядома, што «Мінсктранс» пачаў адмяняць рэйсы ў Польшчу і Нямеччыну, заплянаваныя на 11 верасьня і пазьней. Тое самае робяць і прыватныя перавозчыкі. Квіткі на аўтобусы зь Беларусі ў Літву імкліва раскупляюць. Па стане на 13.00 10 верасьня у вольным доступе былі толькі білеты на канец верасьня. Іх кошт пачынаецца ад 250 рублёў.

Што закрыцьцё мяжы значыць для эканомікі

На беларуска-польскай мяжы працуюць некалькі грузавых чыгуначных пераходаў, праз якія праходзяць пастаўкі па лініі Беларусь — ЭЗ, а таксама транзытны шлях з Кітаю ў Эўропу.

Летась таваразварот паміж Беларусьсю і ЭЗ нягледзячы на санкцыі склаў 8 мільярдаў даляраў. У асноўным, гэта імпарт з ЭЗ у Беларусь. Калі польскія пункты пропуску для грузавога транспарту закрыюцца, то нагрузка ляжа на іншыя шляхі і захаваць такі ж аб’ём не атрымаецца. Пра гэта кажа Анастасія Лузгіна.

«Гэта менш, чым было ў мінулыя гады, але гэта сур’ёзная сума. Калі мяжа закрыецца, то пастаўкі будуць затрыманыя таксама. Доўгае закрыцьцё мяжы акажа ўплыў агулам на гандаль паміж ЭЗ і Беларусьсю. Захаваць папярэдні аб’ём будзе складана», — даводзіць суразмоўца.

Польскі жаўнер патрулюе мяжу зь Беларусьсю. Архіўнае фота
Польскі жаўнер патрулюе мяжу зь Беларусьсю. Архіўнае фота

Праз Беларусь праходзіць адзін з асноўных каналаў паставак кітайскіх тавараў у ЭЗ. Па інфармацыі беларускіх чыноўнікаў за 2024 год Беларусь адправіла ў Кітай 1500 грузавых вагонаў. Па статыстыцы Eurasian Rail Alliance Index па маршруце Кітай — Польшча за апошнія паўгады (студзень-ліпень) праз чыгунку прайшло 138 650 TEU грузаў(адзінка вымярэньня грузаў аналягавая 20-ці футоваму кантэйнэру.

Паводле Анастасіі Лузгіной, для Кітая беларускі напрамак транзыту становіцца ўсё менш выгадным.

«Кітай разглядаў Беларусь як злучальнае зьвяно з ЭЗ. Але па меры закрыцьця межаў Беларусь у пляне транзыту становіцца зусім нецікавай. Патокі праз гэты шлях ужо скараціліся з-за частковага закрыцьця межаў. Цяпер, калі мяжу зачыняць надоўга, давядзецца перанакіроўваць грузы праз Літву, Латвію і іншыя шляхі, узмацняць марскі напрамак. Што больш дарагое, але і больш надзейнае», — гаворыць суразмоўца.

Таксама, згодна з дадзенымі Памежнага камітэту Беларусі, за суткі беларускую мяжу праяжджала больш за 700 грузавікоў (709 па стане на 10 верасьня). Пры поўнай прапускной здольнасьці ў 1200 грузавікоў за суткі. На 10 верасьня ў чарзе на мяжы з Польшчай стаяць 340 фураў.

«Найбольш балючым будзе ўдар па кітайскім транзыце»

На думку палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, закрываючы межы Польшча ўлічвала факт кітайскага сухаземнага транзыту праз Беларусь у Эўропу.

«Ёсьць разьлік відаць у Варшавы, што Пекін раззлуецца і націсьне на Лукашэнку, каб ён спыніў гібрыдныя атакі мігрантамі на межы ЭЗ і іншыя выпады ў дачыненьні да Польшчы і палякаў. Манэўры на вучэньнях сталі ў нейкай ступені падставай, каб нанесьці ўдар па інтарэсах Лукашэнкі. Гэта хітрая камбінацыя, каб кітайскі бок умяшаўся», — мяркуе аналітык.

Летась Кітай заяўляў, што трэба знаходзіць з суседзямі агульную мову, кажа Класкоўскі. Цяпер рэакцыя можа быць больш жорсткай.

Чарга зь легкавых аўтамабіляў на польска-беларускай мяжы. Архіўнае фота
Чарга зь легкавых аўтамабіляў на польска-беларускай мяжы. Архіўнае фота

Аляксандар Класкоўскі зважае, што закрыцьцё мяжы таксама можа ўплываць на ўзровень праэўрапейскіх настрояў у Беларусі. Бо для людзей зьяўляюцца перашкоды, каб трапіць у ЭЗ.

«Танкі не паказваюць пашпартоў на памежных пераходах. Малаверагодна, што Расея скарыстаецца манэўрамі на вучэньнях для агрэсіі. У Лукашэнкі няма цікавасьці спрабаваць на зуб НАТА. Пуцін можа і хацеў бы, але ўсе рэсурсы кінутыя на ўкраінскі фронт. На вучэньнях будзе толькі 2000 расейскіх жаўнераў. Хіба, ён здольны толькі на правакацыі. Будуць пакутаваць найперш звычайныя беларускія грамадзяне, які і польскія, для каго была важная мяжа», — гаворыць палітоляг.

Што да неназванай даты адкрыцьця мяжы, то гэта элемэнт ціску на беларускія ўлады, мяркуе суразмоўца. Ён называе гэта разьлікам на будучыя карэктывы ў палітыцы беларускіх уладаў.

«Зачыніць межы тэхнічна проста, а адкрыць — патрабуе высілкаў. Ёсьць рызыка, што гэта зацягнецца надоўга. Польскі міністар сказаў, што межы адкрыюць, калі зьнікне небясьпека. А рэжымы ў Менску і Маскве непрадказальныя», — дадае аналітык.

Маштабныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць у Беларусі 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG