Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі паскардзілася на закрыцьцё мяжы Польшчай паверанаму ў справах Эўразьвязу


Уваход у МЗС Беларусі.
Уваход у МЗС Беларусі.

МЗС Беларусі паведаміла, што сёньня ў Міністэрства быў выкліканы часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча Кшыштаф Ажана, якому быў заяўлены вусны пратэст у сувязі з рашэньнем польскага боку прыпыніць рух празь дзяржаўную мяжу на пэрыяд правядзеньня вучэньняў «Захад-2025».

«Незаконныя меры, якія прымаюцца адной краінай, фактычна закранаюць усю мяжу Эўрапейскага саюзу зь Беларусьсю, ствараючы значныя цяжкасьці для нармальнага функцыянаваньня міжнароднага руху людзей і грузаў. Дзеяньні Польшчы наносяць урон многім дзяржавам як на Ўсходзе, так і на Захадзе. Гэта відавочнае злоўжываньне сваім геаграфічным становішчам, „прыватызацыя“ межаў ЭЗ і ЕАЭС, Захаду і Ўсходу» — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Гэты крок Польшчы ў заяве называецца беспадстаўным, «асабліва ўлічваючы поўную адкрытасьць і празрыстасьць беларускіх вучэньняў для міжнароднай супольнасьці»

МЗС Беларусі таксама заявіла, што рашэньне польскіх уладаў стварае «рызыкі для стабільнасьці і прадказальнасьці ў міжнародных адносінах» і паведаміла, што гэтая пазыцыя была даведзеная да ведама паверанага ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Стэна Нёрлава.

МЗС сьцьвярджае, што эўрапейскі дыплямат запэўніў, што дзеяньням Польшчы «будзе дадзеная адпаведная ацэнка на прадмет суразьмернасьці прынятых мер і рэальнай ступені пагрозы».

Раней сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Тускпаведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025».

Яшчэ празь некаторы час заяву Туска скарэктаваў міністар унутраных спраў Польшчы Марцін Кервіньскі. Ён заявіў, што мяжа зь Беларусьсю закрываецца да зьнікненьня пагрозы, а не на час вучэньняў «Захад-2025» — кіраўнік МУС Польшчы

«[Памежныя пераходы] будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сытуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян», — сказаў кіраўнік ведамства.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыцьцё Польшчай мяжы зь Беларусьсю «прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі» і адзначыла, што дэмакратычныя сілы «кантактуюць зь Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў найбліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаваньні».

  • Вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
  • Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску — Берасьце (з сумежнага боку Цярэспаль). Пасьля вынясеньня прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG