Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны ў Менску заявіў аб павелічэньні рызыкі вайсковай эскаляцыі ў Эўропе


Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Архіўнае фота

На тле вайсковай эскаляцыі паміж Расеяй і краінамі Эўразьвязу праз парушэньне расейскімі дронамі паветранай прасторы Польшчы вугорская дэлегацыя прыехала ў Менск для абмеркаваньня эканамічнай супрацы.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў аб павелічэньні рызыкі вайсковай эскаляцыі ў эўрапейскім рэгіёне.

«Мы бачым, што рызыка вайсковай эскаляцыі значна павялічылася апошнім часам», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Пэтэра Сіярту. Ён ачольвае дэлегацыю вугорскага ўраду, якая прыехала ў Менск на пасяджэньне двухбаковай міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы.

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны ў чарговы раз заявіў аб неабходнасьці «вяртацца ў рэчышча перамоў і супрацы».

«Цяпер самы час вярнуцца да разумнага рацыянальнага падыходу ў стварэньні двухбаковых дачыненьняў. Сам факт, што прадстаўнікі 17 вугорскіх кампаній прыляцелі са мной у Менск, пацьвярджае, што рацыянальны падыход усё ж існуе. Ёсьць і неабходнасьць, і зацікаўленасьць у разьвіцьці супрацы на аснове здаровага глузду», — дадаў ён.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў, што дзьве краіны маюць «падобныя погляды на пытаньні бясьпекі і рэгіянальнага парадку дзённага».

«Мы таксама цэнім, што, нягледзячы на ціск, нашы вугорскія сябры захоўваюць пазытыўны погляд, непрадузятую пазыцыю па тых працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі», — працытавала Рыжанкова БелТА.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG