Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс у Дзяржаўную думу законапраект аб дэнансацыі Эўрапейскай канвэнцыі аб прадухіленьні катаваньняў і бесчалавечных або прыніжальных пакараньняў, паведаміла 8 верасьня Расейская служба Радыё Свабода.
Пасьля выхаду з канвэнцыі Расея больш ня будзе абавязаная дапускаць міжнародных інспэктараў у свае турмы. Скаргі расейскіх зьняволеных у Эўрапейскі камітэт па прадухіленьні катаваньняў таксама больш ня будуць разглядацца.
У тлумачальнай запісцы да законапраекта гаворыцца, што з 2023 года ў Расеі няма прадстаўніка ў Эўрапейскім камітэце. Гэта зьвязана з тым, што Рада Эўропы заблякавала працэс абраньня новага чальца ад Расеі. У той жа час звароты аб аднаўленьні расейскага прадстаўніцтва засталіся без адказу, нягледзячы на прынцып супрацоўніцтва, замацаваны ў Эўрапейскай канвэнцыі, падкрэсьліваецца ў дакумэнце. Расейскі бок лічыць такі падыход дыскрымінацыйным.
У канвэнцыі ўдзельнічаюць дзяржавы-чальцы Рады Эўропы. Расея выйшла зь яе ў 2022 годзе пасьля 26 гадоў сяброўства, а Беларусь і не была сябрам гэтай буйной праваабарончай і палітычнай арганізацыі.
Масква падпісала Канвэнцыю аб прадухіленьні катаваньняў у 1996 годзе. Праз два гады яна ўступіла ў сілу для Расеі.
У 2022 годзе Расея абвясьціла аб выхадзе з Рады Эўропы, гэта адбылося пасьля пачатку яе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
Пасьля гэтага Масква пачала выходзіць з міжнародных дагавораў, зьвязаных з арганізацыяй. Сярод іншага, Расея перастала быць удзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека і адмовілася выконваць рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека, дэнансавала канвэнцыі аб абароне нацыянальных меншасьцей, аб прадухіленьні тэрарызму, Сацыяльную хартыю і Хартыю мясцовага самакіраваньня.
Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі па папярэджаньні катаваньняў, таму не падпадае пад яе дзеяньне і не падвяргаецца маніторынгу з боку Эўрапейскага камітэта па папярэджаньні катаваньняў.
Форум