Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Максіму Знаку споўнілася 44 гады, два з паловай зь іх ён у рэжыме інкамунікада


Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

Адвакату Максіму Знаку, які быў сябрам Каардынацыйнай рады, 4 верасьня споўнілася 44 гады. Пяты раз Максім Знак сустракае дзень народзінаў у зьняволеньні.

Зь лютага 2023 году Максім Знак застаецца ў рэжыме інкамунікада — пра яго амаль нічога невядома, як і незразумела, ці даходзяць да яго якія зьвесткі з волі.

«Пішам яму фактычна кожны тыдзень, але на нашыя лісты няма адказаў ужо трэці год», — паведаміў Свабодзе адзін з сваякоў палітвязьня Максіма Знака.

Максіма Знака трымаюць у папраўчай калёніі № 3 у Віцебску.

У зьняволеньні Максім Знак напісаў аповеды і вершы, якія здолеў перадаць на волю. У выніку ў 2022 годзе выйшла друкам ягоная кніга «Зэкамерон», а пазьней паводле яе ў Варшаве паставілі аднайменны спэктакль, у якім граюць акторы Купалаўскага тэатру ў выгнаньні. Кніга «Зэкамерон» у 2025 годзе была перакладзеная на дацкую мову. Раней у сьвет выйшлі яе пераклады на ангельскую, нямецкую і швэдзкую мовы.

У 2025 годзе Максім Знак стаў ляўрэатам прэміі «Парушэньне спакою» Цэнтру Вацлава Гаўла ў Нью-Ёрку, якую прысуджаюць адважным пісьменьнікам у небясьпецы.

Пры абвяшчэньні ўзнагароды Біл Шыпсі — праваабаронца, сябра Рады дырэктараў Цэнтру Вацлава Гаўла — адзначыў, што «кніга „Зэкамерон“ у шэрагу самых кранальных і магутных узораў турэмнай літаратуры».

Паводле сваяка Максіма Знака, зь якім размаўляла Свабода, родныя і сябры адваката спадзяюцца, што стан ягонага здароўя здавальняльны. Сваякі згадваюць сьведчаньні былога вязьня, які выйшаў на волю з калёніі Віцьба-3 у чэрвені 2025 году. Грамадзянін Латвіі Дмітрыйс Міхайлаўс казаў, што Максіма Знака ў калёніі ня бачыў, але ведаў, што той «па-ранейшаму сядзіць у памяшканьні камэрнага тыпу і ў ШЫЗА».

Адвакат, пісьменьнік і бард Максім Знак быў арыштаваны 9 верасьня 2020 году і асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «змову з мэтай захопу ўлады». Знак сваёй віны не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG