Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўрад зацьвердзіў парадак абмежаваньня сілавымі органамі доступу да мабільнай сувязі і інтэрнэту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі сваёй пастановай зацьвердзіў палажэньні аб парадку абмежаваньня і аднаўленьня доступу да інтэрнэту і паслуг электрасувязі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, абмежаваньне доступу да інтэрнэту адбываецца на падставе адпаведных зваротаў генэральнага пракурора, кіраўніка Сьледчага камітэту, старшыні КДБ, міністра ўнутраных спраў або іншых упаўнаважаных і адказных асобаў.

Гэтыя звароты мусяць утрымліваць зьвесткі аб матэрыялах праверкі ці крымінальнай справе, падставы для абмежаваньня доступу, а таксама ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурса і сеткавы порт, які таксама будуць блякаваць.

Праінфармаваць уласьніка аб абмежавальных захадах мусіць Дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Доступ да сайтаў абмяжоўваюць у дзень атрыманьня звароту сілавых органаў. Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павіны заблякаваць рэсурсы цягам чатырох гадзін пасьля інфармацыі Дзяржаўнай інспэкцыі.

Доступ могуць аднавіць таксама на падставе адпаведнага звароту тых органаў, якія ініцыявалі абмежаваньні. Згодна з палажэньням, адпаведны зварот яны накіроўваюць цягам аднаго месяца пасьля атрыманьня заявы ўласьніка сайту зь інфармацыяй аб выпраўленьні парушэньняў, якія сталі прычынай блякаваньня.

Доступ да паслуг электрасувязі таксама ініцыююць сілавыя органы або іхныя кіраўнікі. Калі ў іх зваротах не пазначаны тэрмін абмежаваньняў, то гэтыя паслугі будуць адключаць на шэсьць месяцаў.

Прыпыненьне паслуг электрасувязі таксама можа ўключаць забарону на падпісаньне новых дамоў зь іншымі апэратарамі сувязі.

6 чэрвеня міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў паведаміў, што ягонае ведамства разам зь сілавымі структурамі абмежавала дзейнасьць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, зь іх амаль 7 тысяч прызналі «экстрэмісцкімі».

  • Пасьля задушэньня маштабных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткасьці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў мэтадычна зьнішчаць непадкантрольную яму частку мэдыясэктару.
  • Асноўныя незалежныя мэдыя былі разгромлены, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны перасьлед ці мусілі пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў, і спрабаваць аднавіць працу за мяжой.
  • Дзейнасьць і матэрыялы незалежных СМІ мэтадычна абвяшчаюць «экстрэмісцкімі», за супрацу зь імі пагражае крымінальная адказнасьць.
  • На 4 верасьня ў Беларусі праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітычнымі вязьнямі 1187 чалавек, ініцыятыва Dissidentby — 1329, у тым ліку 36 журналістаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG