Былы ўдзельнік «Маладога Фронту» і экс-палітвязень зь Беларусі Арцём Дубскі, якога ў 2009 годзе арганізацыя Amnesty International прызнала вязьнем сумленьня ў межах «Працэсу 14-ці», страціў міжнародную абарону ў Польшчы. Яго пазбавілі дазволу на пастаяннае жыхарства і абавязалі пакінуць краіну. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, даведаўся Most.
Нягледзячы на статус чалавека пад міжнароднай абаронай, Дубскі ў апошнія гады неаднаразова наведваў Беларусь і Расею. У 2022 годзе яго затрымлівалі ў Асіповічах, у тым жа годзе ён пераехаў у Расею. У 2025-м яго там затрымалі — у Варонежы пасьля канфлікту ў пункце выдачы заказаў.
Акрамя таго, Дубскі ўдзельнічаў у прапагандысцкіх матэрыялах у Беларусі.
У Польшчы ў Дубскага таксама былі праблемы з законам: яго судзілі за абразьлівыя выказваньні супраць украінцаў і прысудзілі да абмежаваньня волі з грамадзкімі работамі. У красавіку 2025 году яго затрымалі на памежным пераходзе ў Тарэспалі за невыкананьне рашэньня суду.
Беларуса пазбавілі статусу ў жніўні 2024 году — паводле запыту кіраўніка Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
У турме ў Беларусі на гэты момант сядзіць зводны брат Арцёма — Ільля Дубскі. Паводле ўспамінаў сваякоў, ён ніколі ня зьвязваўся з палітыкай, адбываў пакараньне паводле «наркатычнага» артыкулу. У сакавіку 2021 году яго затрымалі ў родных Асіповічах па вяртаньні з Расеі і асудзілі за «гвалт з службовай асобы» і «распальваньне варожасьці». Суд прысудзіў Ільлю 5 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Форум