Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены журналіст Павал Мажэйка: «Мне ўвесь час мроіўся кавалак піцы»


Павал Мажэйка. Фота HrodnaLife
Павал Мажэйка. Фота HrodnaLife

Вызвалены горадзенскі журналіст Павал Мажэйка расказаў Свабодзе пра сустрэчу зь дзецьмі, допіс Трампа і мрою пра піцу.

«Усе мы бачылі твіт прэзыдэнта Амэрыкі»

Паўла Мажэйку выпусьцілі з турмы і дэпартавалі зь Беларусі 11 верасьня, у групе паўсотні палітвязьняў.

Празь некалькі гадзін пасьля вызваленьня ў размове са Свабодай ён адзначыў, што эмоцый шмат.

«Безумоўна, я задаволены, рады. Як бы мы ні казалі, што мы прызвычаіліся, што мы прыстасаваліся да ўмоваў дзяржаўных калёній, сьледчых ізалятараў, у любым выпадку гэта пекла. Для кагосьці большае, для кагосьці трошкі лягчэйшае, але ў цэлым гэта пекла. Я задаволены, што я ўжо ня там», — сказаў ён.

Мажэйка кажа, што яму ніхто не тлумачыў, куды яго вязуць. Але ён мог здагадвацца, бо ведаў, што ўжо год ідуць падобныя вызваленьні.

Яго пільна выклікалі з рэчамі, калі ён галіўся, а шостай ранку.

«Натуральна, што ўсе мы бачылі твіт прэзыдэнта Амэрыкі пра 1300 чалавек. Разумелі, што гэта ўсё бурліць», — кажа Павал пра тое, што допіс Трампа паказвалі на адным з дзяржаўных беларускіх ці расейскіх тэлеканалаў, якія ідуць у калёніі.

Павал Мажэйка пасьля вызваленьня, 11 верасьня 2025 году
Павал Мажэйка пасьля вызваленьня, 11 верасьня 2025 году

Злавіў дыназаўра

Эмацыйнай была сустрэча зь дзецьмі пасьля больш як трохгадовага перапынку. Малодшаму сыну не было трох гадоў, калі бацьку затрымалі. Цяпер яму шэсьць. Павал кажа, што малы пры сустрэчы ведаў, што перад ім тата.

«І для яго, і для мяне гэта такі момант… Патрабуецца яшчэ час на знаёмства, час на прыцірку. Безумоўна, мы адно аднаму рады. Эмоцыі, як бы ты сабе ні ўяўляў гэтыя сустрэчы, немагчыма ўсё прадбачыць. Былі і пахлюпваньні носам. Але ў цэлым усё добра», — дзеліцца ён.

Павал з сынам да зьняволеньня
Павал з сынам да зьняволеньня

Мажэйка дадае, што амаль штотыдзень атрымліваў ад сына лісты з малюнкамі.

«Я вельмі прасіў усю сям’ю зь ім размаўляць пра мяне, каб гэтая сувязь, гэтая нітачка заставалася, ня важна, колькі я буду сядзець у гэтай турме. Таму ён быў падрыхтаваны», — мяркуе суразмоўца.

Сын захапляецца дыназаўрамі. Пакуль Павал быў за кратамі, маці расказвала малому легенду пра тое, што тата зь сябрамі заўважылі ў беларускіх лясах першага беларускага дыназаўра і яго ловяць. Мажэйка высылаў сыну некалькі нумароў самаробнага часопіса з турмы пра тое, як ідуць гэтыя пошукі.

«Гэта была гісторыя, якая таксама нас трымала на эмацыйнай сувязі», — падсумоўвае журналіст.

Павал кажа, што дыназаўра ён злавіў, — і плянуе яшчэ пагаварыць з сынам пра гэтую легенду.

«Ніхто не патлумачыў, ці я магу вяртацца ў Беларусь»

Павал мае рэпутацыю гурмана. Ён успамінае, што і ў калёніі вязьні паміж сабой вялі размовы пра тое, якая страва цяпер асацыюецца са свабодай.

«Мне ўвесь час мроіўся кавалак піцы. Можа быць таму, што гэтая страва робіцца так разьняволена. Яна такая смачная, простая, падарожная. Такая ў мяне была асацыяцыя са свабодай. Але сёньня паглядзім. Я тры гады быў на „збалянсаванай дыеце“. Трэба прызвычаіцца да вольнай ежы», — кажа суразмоўца.

Цяпер журналіст перадусім хоча «надыхацца свабоды».

«Пасьля будзе відаць. Ёсьць маса цікавых ідэй, якія я сам сабе намеціў, надумаў, седзячы ў калёніі. Яшчэ мне вельмі цікавы момант: ніхто ніводнай фразай мне не патлумачыў мой статус, ці я магу вяртацца ў Беларусь. Таму я хацеў бы гэты момант высьветліць. Бо розныя рэжымы зьяўляюцца, сыходзяць, а Беларусь застаецца. Я хацеў бы працаваць у Беларусі і прыносіць карысьць. Ведаю, што гэта будзе значна больш, чым я буду за мяжой. Але пакуль трэба разьвеяцца, адчуць паветра», — кажа Павал.

Ён падкрэсьлівае, што «аграмадная частка людзей сядзяць па палітычных матывах».

«Хочацца пажадаць, каб яны хутчэй вярнуліся да сваіх сем’яў, выйшлі на волю. Трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб гэтыя людзі выйшлі. Тады можна будзе выдыхнуць напоўніцу і сказаць, што і гэтым разам людзі нарэшце на волі», — кажа Мажэйка.

Хто такі Павал Мажэйка

Паўлу Мажэйку 47 гадоў. Ён журналіст і вядоўца праграм на тэлеканале «Белсат», былы кіраўнік горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця», які ўлады ліквідавалі пасьля 2020 году, грамадзкі дзеяч. На волі яго чакалі жонка і двое непаўналетніх дзяцей.

Жонка Паўла Ірына Чарняўка зь іхнімі дзецьмі. Архіўнае фота
Жонка Паўла Ірына Чарняўка зь іхнімі дзецьмі. Архіўнае фота

Паўла затрымалі 30 жніўня 2022 году, калі ён прыехаў у Беларусь з Польшчы. У 2021 годзе яго затрымлівалі ў сувязі са «справай мастака Алеся Пушкіна». Але праз тры дні выпусьцілі, а цягам году спынілі супраць яго крымінальны перасьлед. Пасьля гэтага Павал жыў на дзьве краіны: і езьдзіў у Польшчу, дзе жыла жонка зь іхнімі дзецьмі, і працягваў бываць у Беларусі.

У 2022 годзе на яго завялі новую крымінальную справу. Яе разглядалі разам са справай адвакаткі Юліі Юргілевіч. Сьледзтва сьцьвярджала, што 23 лютага і 30 сакавіка 2022 году Юлія Юргілевіч нібыта расказала ў тэлефоннай размове Паўлу Мажэйку пра сваё звальненьне з адвакатуры і пра вырак мастаку Алесю Пушкіну. Пракурор сьцьвярджаў, што менавіта Павал разьмясьціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсату» — у нявызначаны час, нявызначным спосабам, празь нявызначаных асобаў.

У ліпені 2023 году Мажэйку і Юргілевіч асудзілі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі кожнага: Мажэйку — у калёніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч — агульнага. Іх прызналі вінаватымі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове». КДБ дадаў Мажэйку ў «тэрарыстычны сьпіс», а МУС — у «сьпіс экстрэмістаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG