Што гавораць аб гэтым кроку беларускія палітыкі і экспэрты.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская: «Чакаем вызваленьня ўсіх палітвязьняў»
«Мы знаходзімся каля амэрыканскай амбасады ў Вільні, дзе чакаем вызваленьня, як мы ведаем, 38 беларускіх палітвязьняў. Мы вельмі рады, што нашы родныя, нашы сябры будуць на волі. Але, канешне, называючы рэчы сваімі імёнамі, гэта не свабода, гэта дэпартацыя ў іншую краіну. І мы павінныя казаць, што кожны чалавек мае права выбару — заставацца ў краіне ці зьяжджаць у больш бясьпечную краіну.
Мы гатовыя прыняць гэтую групу людзей. Учора ў мяне была сустрэча з усімі праваабаронцамі, якія займаюцца палітвязьнямі. Мы глядзелі, якія ў нас магчымасьці, каб прыняць людзей.
Мы дзякуем намаганьням прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і намаганьням нашых эўрапейскіх партнэраў па вызваленьні людзей. Асобна я хачу адзначыць ролю Літвы ў гэтым вызваленьні. Літва заўсёды дае гэты гуманітарны калідор, каб людзі змаглі вельмі хутка атрымаць візы і выехаць у бясьпечную краіну».
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская: «Свабода даецца ў абмен на выгнаньне, а не вяртаньне дадому».
«Гэта радасная навіна для іх сем’яў і сяброў і для ўсёй нашай супольнасьці! Але мы бачым, што свабода даецца ў абмен на выгнаньне, а не вяртаньне дадому.
Свабода не павінна быць абменнай манэтай. Яна павінная проста быць.
За кратамі ўсё яшчэ застаюцца больш за 1000 толькі вядомых праваабаронцам палітзьняволеных. Кожнае вызваленьне нагадвае нам пра тых, хто дагэтуль чакае сваёй чаргі. І пра тых, хто яе, на жаль, так і не дачакаўся...
Мы не стамляемся паўтараць нашыя патрабаваньні: поўнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, іх рэабілітацыя і спыненьне рэпрэсій».
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка: «Зняцьцё санкцый з авіякампаніі „Белавія“ — гэта крок у інтарэсах беларускага грамадзтва»
«Мы ўдзячныя прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу, спадару Коўлу, спадару Сьміту за іх эфэктыўныя намаганьні па вызваленьні палітычных зьняволеных. Але мы не забываемся, што ў турмах рэжыму Лукашэнка працягвае знаходзіцца больш за 1300 палітычных зьняволеных.
Важна адначасова не забывацца, што з моманту пачатку актыўных кансультацый з дыктатарам Лукашэнкам ён пасадзіў у турмы значна больш людзей. З моманту вызваленьня Сяргея Ціханоўскага палітзьняволенымі прызнана ня менш за 107 асоб. І ключавым пытаньнем, якое застаецца на парадку дня, зьяўляецца спыненьне рэпрэсій, інакш канвэер не спыніцца.
Як каардынатар санкцыйнай палітыкі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце хачу адзначыць, што зьняцьцё санкцый з авіякампаніі „Белавія“ — гэта крок у інтарэсах беларускага грамадзтва. Таму што гэта дае магчымасьць „Белавія“ атрымліваць запасныя часткі, абслугоўваць авіяпарк у ліцэнзаваных кампаній. Мы дамагаліся ўвядзеньня санкцый у тым ліку на „Белавія“ для таго, каб у далейшым прымушаць Лукашэнку вызваляць палітычных зьняволеных. Гэта той інструмэнт, які патрэбны і які зараз адыгрывае ключавую ролю.
Трэба памятаць, што калі Лукашэнку не атрымліваецца гандляваць таварамі, ён пачынае гандляваць людзьмі. Таму важна, што ціск на Лукашэнку працягваецца».
Палітычны аналітык, кіраўнік Інстытуту бясьпекавых дасьледаваньняў імя Касцюшкі Вадзім Мажэйка: «Лукашэнка ў пытаньні палітвязьняў кіруецца хутчэй цынічным разьлікам, чым асабістай крыўдай ці асалодай ад пакутаў апанэнтаў»
«Гэта значны крок, які будзе пазытыўна ўспрыняты амаль усімі бакамі. Можа, акрамя самых «ястрабіных» сілавікоў, але зрэшты хто іх калі пытаўся?
Для грамадзтва гэта будзе сыгнал аб аслабленьне «гаек» — калі за гэтай хваляй будуць іншыя, і нарэшце на волю выйдуць усе 1300+ палітвязьняў.
Аднак гэта не азначае, што рэпрэсіі наагул спыняцца. Могуць і новых палітвязьняў набраць. Але магчымая зьмена формы рэпрэсіяў. Скажам, людзям будзе масава даваць «хатнюю хімію». Ну ня варта забываць пра іншыя рэпрэсіі — скажам, пра масавыя звальненьні па палітычных матывах.
І вельмі важна, каб міжнародная супольнасьць дамагалася спыненьня рэпрэсіяў у розных формах. Для Лукашэнкі палітвязьні — гэта тавар. Прычым каштоўны. Ну а каштоўны тавар некалі трэба прадаваць. Для іншага тавар непатрэбны. Не, для Лукашэнкі і сыстэмы ёсьць пэўная асалода ад таго, што ворагі пакутуюць.
Але вызваленьне Сяргея Ціханоўскага паказвае, што Лукашэнка ў гэтым пытаньні кіруецца хутчэй цынічным разьлікам, чым асабістай крыўдай ці асалодай ад пакутаў апанэнтаў.
Для аўтакратаў прынцыповая толькі адна рэч — гэта ўтрыманьне ўлады. Усё астатняе абсалютна другаснае, у тым ліку асабістыя крыўды на асабістых палітычных ворагаў. Вызваленьне Ціханоўскага паказала таксама, што ўлада Лукашэнкі ад гэтага не абрынулася. Вызваленьне нават самых вядомых палітвязьняў не вядзе да абрынаньня яго ўлады.
Дарэчы, хачу адзначыць, што кепскай была ідэя некаторых сваякоў людзей, якія сядзяць за палітыку, не паведамляць аб справах іх родных праваабаронцам. Людзей, якія сядзяць за палітыку, значна больш чым тых, хто фігуруе ў сьпісах праваабаронцаў як палітвязьні. Але Трамп публічна называе толькі тыя лічбы, якія вядомыя праваабаронцам. І калі вызваляць тых, пра каго вядома — то іншыя, на жаль, могуць і далей сядзець у рэжыме цішыні.
Я ня веру, што пра Лукашэнку рэпрэсіі калі-небудзь будуць нулявыя. Дарэчы, ніколі не было нулявых, нават у самыя «вэгетарыянскія» 2017-2018 год былі некалькі палітвязьні. Але калі рэпрэсіі проста пераходзяць істотна ніжэйшы ўзровень, гэта будзе вакном магчымасьцяў.
Наўрад ці гэта наўпрост прывядзе да патрабаваньняў зьмены ўлады. Але ня выключана, што вальней будзе сытуацыя для пратэстаў па мясцовых, экалягічных, эканамічных праблемах. І для грамадзка-культурніцкая дзейнасьці. Гэта ж таксама не пра зьмену рэжыму. Рэжым Лукашэнкі ў мінулым суіснаваў са значна менш прыціснутай грамадзянскай супольнасьцю.
Але ясна, што сытуацыя ўсё роўна зараз будзе заставацца складанай і кантраляванай.
І калі палітвязьні выйдуць на волю, нікуды не падзенуцца і іншыя жаданьні. Камусьці дастаткова і гэтага, але ёсьць людзі, якія хочуць дэмакратыі, а ня толькі вызваленьня палітвязьняў. Імкненьне да дэмакратыі не азначае грамадзянскую вайну ці ўзброенае паўстаньне. Можна па-рознаму дамагацца дэмакратыі».
Матэрыял дапаўняецца
Форум