Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы запатрабавалі расьсьледаваць сьмерць палітвязьня Андрэя Паднябеннага


Андрэй Паднябенны, архіўнае фота
Андрэй Паднябенны, архіўнае фота

Пяць буйнейшых праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з сумеснай заявай з нагоды сьмерці палітвязьня Андрэя Паднябеннага, якога знайшлі павешаным у папраўчай калёніі № 15 ў Магілёве.

З 2021 года гэта дзявятая сьмерць палітвязьня ва ўстановах Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, адзначаюць аўтары заявы і робяць выснову аб неабходнасьці неадкладных і канкрэтных захадаў уладаў для выпраўленьня сытуацыі.

Гэтаксама, паводле праваабаронцаў, з боку міжнароднай супольнасьці насьпелі тэрміновыя намаганьні па вызваленьні людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў месцах несвабоды па палітычных матывах.

«Мы працягваем падкрэсьліваць, што кожная сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі зьяўляецца сьледзствам сыстэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах», — сказана ў заяве беларускіх праваабаронцаў.

Яны выказалі свае патрабаваньні да беларускіх уладаў:

  • да Генэральнай пракуратуры і Сьледчага камітэту — распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Андрэя Паднябеннага, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для выяўленьня прычын гэтай трагедыі і паінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
  • паінфармаваць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах;
  • забясьпечыць належную мэдыцынскую і псыхалягічную дапамогу ў месцах прымусовага ўтрыманьня;
  • да супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю і іх кіраўніцтва — выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязацельстваў па забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і тых, хто знаходзяцца ў ізаляцыі.

Сумесную заяву падпісалі:

  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
  • Беларускі Хэльсынскі Камітэт,
  • Беларускі ПЭН,
  • Прававая ініцыятыва,
  • Беларускі дом правоў чалавека.

Паводле «Вясны» па стане на 10 верасьня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1194 чалавекі, паводле Dissidentby.com — у Беларусі 1328 палітвязьняў.

  • Пра сьмерць палітзьняволенага Андрэя Паднябеннага стала вядома ў панядзелак 8 верасьня з допісу яго маці Валянціны Паднябеннай.
  • З допісу жанчыны вынікала, што сын загінуў 3 верасьня. Ён быў асуджаны да 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўленьня волі, пакараньне адбываў у магілёўскай калёніі № 15.
  • Паводле інфармацыі Свабоды, загінулага палітвязьня ўжо пахавалі. У афіцыйных дакумэнтах аб яго сьмерці прычынай пазначана ўдушша.
  • 10 верасьня Валянціна Паднябенная апублікавала некалькі новых допісаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Зь іх вынікае, што Андрэя Паднябеннага знайшлі на тэрыторыі калёніі № 15 павешаным.
  • Афіцыйныя крыніцы сьмерць Андрэя Паднябеннага не падцьвярджалі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG