Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем» заявіў на прэс-канфэрэнцыі 9 верасьня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.
«[Памежныя пераходы] будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сытуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян», — падкрэсьліў кіраўнік ведамства.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025».
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыцьцё Польшчай мяжы зь Беларуссю «прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі» і адзначыла, што дэмакратычныя сілы «кантактуюць зь Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў найбліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаваньні».
- Маштабныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
- Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску — Берасьце (з сумежнага боку Цярэспаль).
- Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
Форум