На ваенныя мэты Расеі працуе шэраг беларускіх заводаў. BelPol паведаміла, што некаторыя нарошчваюць вытворчасьць і набіраюць новых супрацоўнікаў.
Што яны вырабляюць?
Прыцэлы для танкаў. «Пеленг» і «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» выпускаюць прыцэлы «Сасна-У» для расейскіх танкаў. Паводле BelPol, сёлета Расея атрымае ня менш за 1180 такіх прыцэлаў. Для павелічэньня вытворчасьці «Пеленг» адкрыў новы цэх.
Дэталі для боепрыпасаў. «Завод дакладнай электрамэханікі» і «Легмаш» вырабляюць дэталі для рэактыўных снарадаў калібру 122 мм, якія пастаўляюцца на расейскі збройны завод «СПЛАВ». Гэтыя пастаўкі ідуць наўпрост, што пацьвярджае візыт беларускай дэлегацыі ў Тульскую вобласьць сёлета ў ліпені.
Кампанэнты для ракет. У расейскіх ракетах «Іскандэр», знойдзеных ва Ўкраіне пасьля абстрэлаў, выявілі 5 беларускіх кампанэнтаў, у асноўным вытворчасьці заводу «Інтэграл», а таксама прадпрыемстваў «СКБ Захад» і «Радыётэхніка», адзначае «Позірк».
BelPol сьцьвярджае, што мае дакумэнтальныя пацьверджаньні інфармацыі і абяцае апублікаваць поўную справаздачу пра абʼёмы сёлетняй ваеннай супрацы Беларусі і Расеі.
Форум