47-гадовы падазраваны быў дастаўлены ў Румынію пракурорамі DIICOT. Адносна яго вядзецца расьсьледаваньне па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрады шляхам перадачы зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу.
Сьцьвярджаецца, што абвінавачаны кантактаваў з супрацоўнікам беларускай выведкі, які працаваў у Празе як дыплямат і якога ўжо выслалі з Чэхіі.
Пракуроры сьцьвярджаюць, што, пачынаючы з 2024 году і па цяперашні час, падазраваны, які раней займаў кіруючыя пасады ў Службе інфармацыі і бясьпекі (SIS) Рэспублікі Малдова, «займаўся несанкцыянаваным раскрыцьцём дзяржаўнай таямніцы прадстаўнікам замежнай дзяржавы, а менавіта супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) Рэспублікі Беларусь, якія маглі паставіць на Беларусь».
Сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд з 2024 па 2025 год ён двойчы сустракаўся з супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, абодва разы ў Будапэшце (Вугоршчына).
«Маюцца абгрунтаваныя падазрэньні, што гэтыя сустрэчы былі накіраваныя на перадачу інструкцый і аплату аказаных паслуг», — сьцьвярджае цытаваная крыніца.
Расьсьледаваньне, якое праводзіцца пад эгідай EUROJUST, адбывалася пры падтрымцы разьведвальных службаў Румыніі, Вугоршчыны і Чэхіі, а таксама пракурораў Вугоршчыны, Чэхіі і Рэспублікі Малдова.
Служба разьведкі Румыніі пацьвярджае і адзначае, што гэтая справа была дакумэнтаваная «асаблівымі спосабамі» SRI, але ў супрацоўніцтве з вонкавымі партнэрамі, тымі ж, на якіх указаў DIICOT, да якіх «на завяршальным этапе» дадалася Польшча пры падтрымцы разьведвальнай службы Рэспублікі Малдова.
G4Media піша, што гаворка ідзе пра былога намесьніка дырэктара разьведвальнай службы Рэспублікі Малдова. Крыніцы, блізкія да расьсьледаваньня, паведамілі выданьню, што ён быў затрыманы ў аэрапорце Тымішаары.
Беларускі разьведчык, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата, высланы
Чэская Рэспубліка ўжо прыняла рашэньне аб высылцы «беларускага разведчыка, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата».
«Мы раскрылі беларускую разьведвальную сетку ў Эўропе! Служба разьведкі і бясьпекі сумесна са спэцслужбамі Румыніі і Вугоршчыны пасьпяхова ўмяшалася і раскрыла беларускую разьведвальную сетку, выбудаваную ў Эўропе. У сувязі з гэтай міжнароднай апэрацыяй прынятае рашэньне аб высылцы беларускага разьведчыка, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата», — піша чэская спэцслужба у сацсетцы X.
На сайце Службы разьведкі і бясьпекі Чэхіі гаворыцца, што разьведвальная сетка ў Эўропе была створана разьведкай Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, аднак яе намаганьні па атрыманьні крыніц і разьведвальнай інфармацыі не змаглі застацца па-за ўвагай спэцслужбаў:
«Гэта яшчэ адзін выпадак з сэрыі, які паказвае, наколькі важнае міжнароднае супрацоўніцтва ў цяперашняй сытуацыі ў сфэры бясьпекі. Гэта таксама адказ тым, хто сьцьвярджае, што супрацоўніцтва паміж разьведвальнымі службамі нібыта не працуе», — пракамэнтаваў навіну пра ліквідацыю беларускай разьведвальнай сеткі дырэктар Бюро разьведкі і бясьпекі Чэхіі Міхал Коўдзелка.
У паведамленьні гаворыцца, што, сярод іншага, сумесная група эўрапейскіх разьведчыкаў выявіла супрацоўнікаў і памагшатых КДБ Беларусі, якія дзейнічаюць у некалькіх эўрапейскіх краінах, у тым ліку былога намесьніка кіраўніка Службы дзяржаўнай бясьпекі Малдовы (SIS), які перадаваў сакрэтную інфармацыю КДБ.
Беларусы, гаворыцца ў паведамленьні, змаглі пабудаваць агентурную сетку, галоўным чынам, дзякуючы магчымасьці свабоднага перамяшчэньня па Эўропе.
«Каб пасьпяхова супрацьстаяць гэтай варожай дзейнасьці ў Эўропе, нам неабходна абмежаваць перамяшчэньне акрэдытаваных дыпляматаў з Расеі і Беларусі ў Шэнгенскай зоне», — кажа Коўдзелка, дадаючы, што разьведвальныя службы гэтых дзяржаў па-ранейшаму спрабуюць выкарыстоўваць дыпляматычнае прыкрыцьцё для сваёй разьведвальнай дзейнасьці і працягваюць спробы пашырыць сваю прысутнасьць ў Эўропе.
Сумесная разьведвальная апэрацыя курыруецца эўрапейскім агенцтвам EUROJUST, якое базуецца ў Гаазе (Нідэрлянды), дзе Чэскую Рэспубліку цяпер прадстаўляе былы Вярхоўны пракурор Павэл Зэман.
Пра высылку з Чэхіі беларускага дыплямата паведаміла і Міністэрства замежных справаў гэтай краіны:
«Дыпляматыя нас абараняе. Мы аб'явілі беларускага дыплямата, які працуе на спэцслужбы, пэрсонай нон-грата. Мы не пацерпім выкарыстаньня дыпляматычнага прыкрыцьця для шпіянажу», — гаворцы ў паведамленьні чэскага МЗС.
Форум