Паўгода таму ад палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай прыйшоў «вельмі кароткі [ліст], літаральна пару радкоў», паведаміла 8 верасьня ў эфіры ютуб-каналу «Обычное утро» яе сястра Тацяна Хоміч.
У лісьце Марыя «перадавала ўсім прывітаньне, казала, што ў яе ўсё добра», адзначыла Хоміч.
Яна нагадала, што Калесьнікава раней працяглы час знаходзілася ў рэжыме інкамунікада (без сувязі з вонкавым сьветам).
Па стане на жнівень «была інфармацыя ад жанчын, якія выйшлі з калёніі, што Маша знаходзіцца ў атрадзе, яна не ізаляваная, працуе швачкай, ходзіць на фабрыку».
«Па-ранейшаму зь ёй забараняюць размаўляць іншым жанчынам, да яе пільная ўвага, яе суправаджаюць калі яна кудысьці выходзіць, нават у прыбіральню», — сказала Хоміч, дадаўшы, што расцэньвае гэта пазытыўна, «таму што гэта не ізаляцыя, у якой Маша была паўтара года, калі знаходзілася адна і фактычна памірала ад голаду».
Акрамя таго, у актывісткі больш за 2,5 года няма адваката. Цяпер з Калесьнікавай «няма ніякіх у прынцыпе спатканьняў, званкоў, на якія маюць права ўсе астатнія зьняволеныя», няма магчымасьці рабіць перадачы ні з прадуктамі, ні з рэчамі, дадала сястра.
Прыгавораная 6 верасьня 2021 годау да 11 гадоў пазбаўленьня волі Калесьнікава была сьпікерам і кіраўніком выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Пасьля яго затрыманьня далучылася да каманды Сьвятланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штабу разам зь Веранікай Цапкалай, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валерыя Цапкалы.
7 верасьня 2020 году Калеснікава была схопленая ў цэнтры Менску і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт, пасьля чаго была зноў затрыманая.
У лістападзе 2022 году Калеснікаву экстрана праапэравалі ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У яе дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў мэдчастцы.
Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 году.
У інтэрвію BBC 23 кастрычніка таго году ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт BRICS, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці разгледзець прашэньне Калесьнікавай аб памілаваньні. Хоміч заявіла, што сям’я вітае гатоўнасьць разгледзець заяву аб памілаваньні.
43-гадовая палітзьняволеная адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Раней яе каралі пераводам у памяшканьне камэрнага тыпу і штрафны ізалятар.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
Форум