Польскія памежнікі паведамілі пра выяўленьне абломкаў неапазнанага лятаючага абʼекта ў вёсцы каля мяжы з Беларусьсю. Гэта апошні з сэрыі падобных інцыдэнтаў у краіне, піша Reuters.
«Дзяжурны супрацоўнік паліцэйскага ўчастку Тэрэспаль атрымаў паведамленьне ад супрацоўнікаў памежнай службы аб выяўленьні абломкаў неапазнанага лятаючага абʼекта каля памежнага пераходу Тэрэспаль у Палатычах», — паведаміла мясцовая паліцыя.
У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.
«Гэты бесьпілётнік разьбіўся каля памежнага пераходу, прыкладна за 300 мэтраў ад яго, у вёсцы Палатычы. Бесьпілётнік ня ўзброены, і на ім ёсьць кірылічныя надпісы»,— сказала Агнешка Кемпка з пракуратуры горада Любліна.
Вайсковая паліцыя апытвае сьведкаў і правярае запісы назіраньня, каб вызначыць траекторыю руху бесьпілётніка, паведаміла яна на прэс-канфэрэнцыі.
Паводле неафіцыйных зьвестак польскага тэлеканала TVP, аб'ект, які ўпаў, мог быць расійскім дронам-прынадай «Гербера», «Гербера», які імітуе «Шахед». Такія дроны без баявой часткі выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы падчас нападаў на Ўкраіну, каб перагрузіць супрацьпаветраную абарону.
Польшча знаходзіцца ў стане падвышанай гатоўнасьці да абʼектаў, якія ўваходзяць у яе паветраную прастору з таго часу, як у 2022 годзе ўкраінская ракета, кіраваньне якой страцілі, ўдарыла па паўднёвай польскай вёсцы, забіўшы двух чалавек. Гэта адбылося празь некалькі месяцаў пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
У суботу абʼект, які, верагодна, быў кантрабандным бесьпілётнікам, упаў на ўсходзе Польшчы, паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны.
У жніўні 2025 году бесьпілётнік упаў на кукурузнае поле на ўсходзе Польшчы, у Люблінскім ваяводзтве, абпаліў пасевы і разьбіў вокны ў бліжэйшых дамах. Пракурор, які расьсьледаваў інцыдэнт, заявіў, што, відаць, бесьпілётнік заляцеў у Польшчу з боку Беларусі, саюзьніцы Расеі.
Ваенныя бесьпілотнікі таксама разьбіваліся ў Беларусі, Румыніі і краінах Балтыі.
Форум