Грамадзяніна Францыі Сафіяна Сэхілі, які спрабаваў даехаць на ровары з Лісабона ва Ўладзівасток за рэкордны час, затрымалі ў Расеі, паведаміла францускае выданьне Le Monde.
Ва Ўладзівастоку раварыста адправілі пад варту па падазрэньні ў незаконным перасячэньні мяжы. Ён двойчы спрабаваў уехаць у Расею з Кітая праз два пагранічныя пункты, разьмешчаныя прыкладна за 200 кілямэтраў адзін ад аднаго. Пасьля другой спробы Сэхілі затрымалі.
Француз выехаў з Лісабона 1 ліпеня і плянаваў праехаць усю Эўразію, завяршыўшы сваё падарожжа ва Ўладзівастоку. За гэты час ён перасек мноства краін і ўжо раней ехаў праз Расею, заехаўшы з Грузіі, пасьля чаго працягнуў шлях праз Казахстан, Таджыкістан і Манголію.
2 верасьня раварыст паведаміў, што заехаць у Расею з Кітая яму не ўдалося. Гэта паставіла пад сумнеў магчымасьць пабіць рэкорд немца Ёнаса Дайхмана, які ў 2017 годзе перасек Эўразію за 64 дні, дзьве гадзіны і 26 хвілін. Да заканчэньня маршруту Сэхілі заставалася каля 400 кілямэтраў.
Сэхілі 44 гады. Ён быў кінадакумэнталістам, але ў 2012 годзе пакінуў гэтую працу, каб заняцца роварным спортам. З таго часу ён прыняў удзел прыкладна ў 20 шматкілямэтровых заездах, перамогшы ў 11 з іх. Сярод іх Tour Divide, гонка працягласьцю 4500 кілямэтраў ад Канады да Мэксыкі.
Форум