Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць жыхароў краінаў ЭЗ — за далейшае пашырэньне Зьвязу


Больш за палову рэспандэнтаў (56%) па ўсім ЭЗ выступае за далейшае пашырэньне Зьвязу. Пры гэтым амаль кожны дзясяты апытаны кажа, што актыўна падтрымлівае гэтую ідэю.

Пра гэта сьведчаць вынікі апошніх апытаньняў Eurobarometer, якія прыводзіць Euronews.

У 23 краінах-чальцах ЭЗ пашырэньне вітаюць ня менш за 50% рэспандэнтаў, найбольшая падтрымка назіраецца ў Швэцыі (79%), Даніі (75%) і Літве (74%).

Найменшая падтрымка прыняцьця ў ЭЗ новых чальцоў — у Аўстрыі (45%), Чэхіі і Францыі (па 43%).

Украіна, Чарнагорыя, Босьнія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Малдова, Сэрбія, Грузія, Альбанія, Косава і Турэччына — дзесяць краінаў, якія жадаюць уступіць у ЭЗ.

Падтрымка пашырэньня Зьвязу асабліва высокая сярод моладзі. Больш за ўсё за пашырэньне выступаюць рэспандэнты ва ўзросьце 15–24 гадоў (67%), за імі ідуць рэспандэнты ва ўзросьце 25–39 гадоў (63%).

Большасьць апытаных мяркуе, што іх краіна выйграе ад будучага пашырэньня.

У ліку асноўных пераваг называюць узмацненьне ўплыву ЭЗ у сьвеце (37%), атрыманьне новых рынкаў збыту (37%), павелічэньне магчымасьцяў працаўладкаваньня (31%) і ўмацаваньне салідарнасьці паміж краінамі (30%).

У той жа час рэспандэнты выказваюць і занепакоенасьць наконт магчымага пашырэньня ЭЗ. Найбольшую трывогу выклікаюць некантралюемая міграцыя (40%), карупцыя і злачыннасьць (39%) і фінансавыя выдаткі для эўрапейскіх падаткаплатнікаў (37%).

Якія адрозьненьні ў падтрымцы краінаў-кандыдатаў у чальцы ЭЗ?

Крыху больш за палову рэспандэнтаў па ўсім ЭЗ (52%) выказваюцца за ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ. Аднак у цяперашні час спроба Ўкраіны ўступіць у ЭЗ затармазілася з-за вэта Вугоршчыны.

Да ўступленьня ў ЭЗ Чарнагорыі станоўча ставіцца 51% апытаных. У сямі краінах-чальцах ЭЗ Чарнагорыя зьяўляецца найболей пераважным кандыдатам. Босьнія і Герцагавіна, Паўночная Македонія і Малдова атрымалі па 48%.

Тым часам, ні ў воднай краіне ЭЗ рэспандэнты не абралі Турэччыну ў якасьці кандыдата, якому яны аддаюць перавагу. Толькі 37% ва ўсіх краінах Зьвязу гатовыя падтрымаць уступленьне ў ЭЗ Турэччыны, калі б яна адпавядала крытэрыям.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG