Міністар замежных спраў КНР Ван І з 12 па 16 верасьня будзе знаходзіцца ў Аўстрыі, Славеніі і Польшчы зь візытамі, паведаміла ў сераду агенцтва Сіньхуа са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка МЗС Кітаю.
Паездкі Ван І, які зьяўляецца таксама членам Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітаю, адбудуцца па запрашэньні міністра замежных спраў Аўстрыі Бэатэ Майнль-Райзінгер, віцэ-прэм’ера, міністра замежных спраў Славеніі Тані Фаён і віцэ-прэмʼера і міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, паведаміў прадстаўнік кітайскага МЗС.
Якраз у дні гэтых візытаў, 12–16 верасьня, маюць прайсьці маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». Паведамлялася, што падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя прымяненьне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
У сувязі з вучэньнямі Польшча вырашыла цалкам закрыць мяжу з Беларусьсю ў ноч на 12 верасьня. Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў крок польскіх уладаў «антынародным» і праявай несумленнай канкурэнцыі.
«Мы палічылі, што за месяц празь мяжу Беларусі і Польшчы на захад ідуць грузы, практычна тры чвэрці грузаў — кітайскага паходжаньня. Вось вам адказ, супраць каго накіравана ў тым ліку гэта рашэньне», — цытуе БелТА кіраўніка МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь становіцца закладніцай напружаньня, якое стварае Масква. Аналіз Валера Карбалевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка