Пасланьне NATO Пуціну пасьля атакі расейскіх дронаў на Польшчу: «Спыніце вайну ва Ўкраіне»

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ паспавёў пра вынікі пасяджэньня Паўночнаатлянтычнай рады пасьля запыту Польшчы аб кансультацыях у адпаведнасьці з артыкулам 4 Вашынгтонскай дамовы.

«Мінулай ноччу шматлікія бесьпілётнікі з Расеі парушылі паветраную прастору Польшчы. Нашы сродкі супрацьпаветранай абароны былі актываваныя і пасьпяхова забясьпечылі абарону тэрыторыі NATO, дзеля чаго яны і прызначаныя.

Разам з Польшчай у гэтым удзельнічалі некалькі саюзьнікаў. Сярод іх былі польскія F16, галяндзкія F35, італьянскія самалёты АВАКС, шматфункцыянальныя транспартныя танкеры NATO і нямецкія Patriots. Я ўдзячны пілётам і ўсім, хто ўнёс свой уклад у гэтае хуткае і ўмелае рэагаваньне», — заявіў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

Саюзьнікі выказалі салідарнасьць з Польшчай і асудзілі неабдуманыя паводзіны Расеі, поўная ацэнка інцыдэнту працягваецца, дадаў ён.

«Саюзьнікі поўныя рашучасьці абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі. Мы будзем уважліва сачыць за сытуацыяй уздоўж нашага ўсходняга флянгу, нашы сродкі супрацьпаветранай абароны пастаянна знаходзяцца ў гатоўнасьці».

Паводле Рутэ, інцыдэнт толькі дэманструе важнасьць NATO і шляху, пра які саюзьнікі дамовіліся на саміце ў Гаазе:

«Нам трэба больш інвэставаць у абарону, нарошчваць вытворчасьць абароннай прадукцыі, каб мець усё неабходнае для стрымліваньня і абароны, і нам трэба працягваць падтрымліваць Украіну, бясьпека якой цесна зьвязана з нашай уласнай».

Рутэ сказаў, што Расея вядзе небясьпечную агрэсіўную вайну супраць Украіны, якая пастаянна накіраваная супраць мірных жыхароў і грамадзянскай інфраструктуры, і саюзьнікі поўныя рашучасьці ўзмацніць сваю падтрымку Ўкраіны перад абліччам эскаляцыі кампаніі Расеі.

«А Пуціну маё пасланьне зразумелае: спыніце вайну ва Ўкраіне. Спыніце эскаляцыю вайны, якую ён зараз фактычна разьвязвае супраць мірных жыхароў і грамадзянскай інфраструктуры. Спыніце парушаць паветраную прастору саюзьнікаў. І ведайце, што мы гатовыя, што мы пільныя і што мы будзем абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі NATO».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі

Туск заявіў аб актывацыі артыкулу 4 Статуту NATO

Дональд Туск заявіў, што значная частка бесьпілотнікаў, які трапілі ў польскую паветраную прастору, прыляцела зь Беларусі, піша Reuters.

Туск сказаў, што «мы знаходзімся ў сытуацыі, найбольш блізкай да ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусьветнай вайны». Туск паведаміў таксама, што былі зьбітыя 4 бесьпілётнікі.

Па стане на 11-ю гадзіну раніцы было знойдзена сем бесьпілётнікаў і іх абломкаў на тэрыторыі Люблінскага, Лодзінскае і Вармінска-Мазурскага ваяводзтваў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Кінга Галэцка.

Агулам больш за 20 расейскіх беспілётнікаў былі выяўленыя ў начны час падчас парушэньня паветранай прасторы Польшчы, піша польскае выданьне Rp.pl.

Для іх зьбіцьця выкарыстоўваліся баявыя самалёты, у тым лікугаляндскія F-35, якія прыбылі ў Польшчу 1 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры краін Захаду выказваюць салідарнасьць з Польшчай пасьля атакі расейскіх дронаў