З 2021 года гэта дзявятая сьмерць палітвязьня ва ўстановах Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, адзначаюць аўтары заявы і робяць выснову аб неабходнасьці неадкладных і канкрэтных захадаў уладаў для выпраўленьня сытуацыі.
Гэтаксама, паводле праваабаронцаў, з боку міжнароднай супольнасьці насьпелі тэрміновыя намаганьні па вызваленьні людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў месцах несвабоды па палітычных матывах.
«Мы працягваем падкрэсьліваць, што кожная сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі зьяўляецца сьледзствам сыстэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах», — сказана ў заяве беларускіх праваабаронцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэя Паднябеннага знайшлі на тэрыторыі калёніі павешанымЯны выказалі свае патрабаваньні да беларускіх уладаў:
- да Генэральнай пракуратуры і Сьледчага камітэту — распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Андрэя Паднябеннага, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для выяўленьня прычын гэтай трагедыі і паінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
- паінфармаваць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах;
- забясьпечыць належную мэдыцынскую і псыхалягічную дапамогу ў месцах прымусовага ўтрыманьня;
- да супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю і іх кіраўніцтва — выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязацельстваў па забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і тых, хто знаходзяцца ў ізаляцыі.
Сумесную заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»,
- Беларускі Хэльсынскі Камітэт,
- Беларускі ПЭН,
- Прававая ініцыятыва,
- Беларускі дом правоў чалавека.
Паводле «Вясны» па стане на 10 верасьня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1194 чалавекі, паводле Dissidentby.com — у Беларусі 1328 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі памёр 36-гадовы палітвязень Андрэй Паднябенны, асуджаны амаль на 17 гадоў- Пра сьмерць палітзьняволенага Андрэя Паднябеннага стала вядома ў панядзелак 8 верасьня з допісу яго маці Валянціны Паднябеннай.
- З допісу жанчыны вынікала, што сын загінуў 3 верасьня. Ён быў асуджаны да 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўленьня волі, пакараньне адбываў у магілёўскай калёніі № 15.
- Паводле інфармацыі Свабоды, загінулага палітвязьня ўжо пахавалі. У афіцыйных дакумэнтах аб яго сьмерці прычынай пазначана ўдушша.
- 10 верасьня Валянціна Паднябенная апублікавала некалькі новых допісаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Зь іх вынікае, што Андрэя Паднябеннага знайшлі на тэрыторыі калёніі № 15 павешаным.
- Афіцыйныя крыніцы сьмерць Андрэя Паднябеннага не падцьвярджалі.