На сайце буйнейшага аўтобуснага перавозчыка «Экалайнс» білеты з выездам зь Беларусі (напрыклад, з Менска) у польскім напрамку сыстэма дазваляе зарэзэрваваць з датай выезду 11 верасьня, а ўжо з 12-га чысла функцыя куплі білетаў неактыўная, піша Позірк.
Перавозчык «Рыч бас» («Атлас») паведаміў 9 верасьня ў сваім тэлеграм-канале, што «працягвае сачыць за сытуацыяй», і абяцае аб усіх зьменах у раскладзе міжнародных аўтобусаў інфармаваць дадаткова, аднак на раніцу 10 верасьня ніякай новай інфармацыі не апублікавалі. Пры гэтым рэйс перавозчыка Варшава — Менск (час адпраўленьня 5.30 10 верасьня) ідзе па раскладзе.
Аб адмене рэйсаў Горадня — Варшава і ў зваротным напрамку з 12 па 16 верасьня паведамляе «Firma SGBUS». Тут прапануюць зьехаць раней названых дат і поўнае вяртаньне сродкаў пры немагчымасьці пераносу паездкі. Перавозчык «DND group» таксама адмяніў рэйсы Горадня — Варшава з 11 па 16 верасьня і Варшава — Гродна з 11 па 17 верасьня.
У сувязі з закрыцьцём мяжы перавозчык «PlusBus» адмяніў рэйсы Гомель — Познань (з 12 па 19 верасьня), АП «Маладэчна» — рэйсы Маладэчна — Варшава (з 10 па 19 верасьня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка9 верасьня кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску.
Раней прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасьня Варшава закрые мяжу з Беларусьсю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэньне зьвязанае з заплянаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэньнямі «Захад-2025».
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыцьцё Польшчай мяжы зь Беларуссю «прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі» і адзначыла, што дэмакратычныя сілы «кантактуюць зь Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў найбліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаваньні».
- Маштабныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць 12–16 верасьня. Падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя «плянаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
- Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску — Берасьце (з сумежнага боку Цярэспаль).
- Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.