Група эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў, да якой належыць польская партыя «Права і справядлівасьць» у Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбургу, вырашыла ў аўторак 9 верасьня рэкамэндаваць беларускага палітвязьня, актывіста польскай меншасьці з Горадні Анджэя Пачобута, на ўзнагароджаньне прэміяй Андрэя Сахарава.
Пра гэта паведамляе польскае агенцтва РАР, якое спасылаецца на сваю крыніцу ў Эўрапарлямэнце.
Журналіст і актывіст польскай меншасьці ў Беларусі Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 года, а ў лютым 2023 года прысуджаны да васьмі гадоў калёніі строгага рэжыму.
Польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейма, якая знаходзілася з візытам у ЗША, узьняла гэтую тэму падчас перамоваў з амэрыканскім бокам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Беларусь16 студзеня 2025 году падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
30 кастрычніка 2024 году міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў час выступу ў Сэнаце заявіў, што Варшава «па розных каналах» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.
Што такое Прэмія імя Сахарава
Прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі», заснаваная Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе, зьяўляецца найвышэйшай узнагародай Эўрапейскага зьвязу за праваабарончую дзейнасьць. Прэмія прысуджаецца асобам, групам і арганізацыям, якія ўнесьлі выдатны ўклад у абарону свабоды думкі. Сярод пераможцаў да гэтага часу былі дысыдэнты, палітыкі, журналісты, юрысты, актывісты грамадзянскай супольнасьці, пісьменьнікі, лідэры меншасьцяў, праваабаронцы, карыкатурысты, дырэктары, а таксама міжнародныя арганізацыі і маладыя актывісты. Раней прэмію Сахарава атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, палітыкі Аляксандр Мілінкевіч і Сьвятлана Ціханоўская.
Штогод у верасьні дэпутаты Эўрапарлямэнта могуць называюць кандыдатаў на прэмію. Кожны кандыдат павінен мець падтрымку не менш як 40 дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Аб’яўленьне пераможцы звычайна праводзіцца ў кастрычніку, а цырымонія ўзнагароджаньня — у сьнежні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адрэагавала на затрыманьне ў Лепелі свайго грамадзяніна нібыта за шпіянажХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.